У Беларусі дзейнічае новы стандарт дыягностыкі і лячэньня пухлінаў шчытападобнай залозы для дарослых і дзяцей. Ён замяніў правілы 2018 году. Стандарт замацаваны пастановай Мінздароўя ад 9 кастрычніка № 108, якая ўжо ўвайшла ў сілу.
У стандарт афіцыйна ўключаныя таргетная тэрапія (прэпараты мэтавага дзеяньня) і імунатэрапія. Як паведамляе адзін з мэдычных тэлеграм-каналаў, яны запавольваюць рост пухліны нават у складаных і агрэсіўных выпадках.
Прадугледжана больш генэтычных тэстаў для падбору тэрапіі: тканку пухліны правераць на шэраг мутацыяў, напрыклад BRAF і NTRK. Для некаторых катэгорыяў пацыентаў замацаваныя ін'екцыі рэкамбінантнага ТТГ: зь імі рыхтуюцца да радыёёдтэрапіі без адмены звыклых лекаў.
Удакладненыя крытэры ацэнкі вузлоў на УГД: прапісана, у вузлах якой велічыні трэба абавязкова рабіць пункцыю, а за якімі досыць назіраць. Перад любой апэрацыяй на шчытападобнай залозе цяпер абавязковы агляд лор-урача з праверкай галасавых зьвязак.
Пасьля радыёёдтэрапіі тэрміны плянаваньня сям'і вызначаныя дакладна: для жанчын праз 12 месяцаў, для мужчын праз 4 месяцы.
Пры раку ў пацыентаў да 18 гадоў стандарт патрабуе поўнага выдаленьня шчытападобнай залозы. Паводле зьвестак таго ж тэлеграм-канала, гэта трэба, каб максымальна зьнізіць рызыку рэцыдыву.
У дакумэнце ўпершыню зьявіўся асобны разьдзел для цяжарных. Камітэт аховы здароўя Менгарвыканкаму паведамляе: «Самы часты від рака шчытападобнай залозы (папілярны) – не нагода перарываць цяжарнасьць. Калі хвароба не прагрэсуе, апэрацыю спакойна адкладаюць на пэрыяд пасьля родаў».
Акрамя таго, паводле слоў Камітэту, у залежнасьці ад стану пацыента кансыліюм можа прызначыць лекі па-за звыклай інструкцыяй.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…