Дзяржава Бізнэс і прадпрымальніцтва

На Беларускай таварнай біржы пачалі прадаваць сушаныя пялёсткі васілька

Першым пакупніком стала кандытарскае прадпрыемства Магілёўскай вобласьці, прадаўцом — менскі вытворца расьліннай сыравіны. У лістападзе на таргі выйшлі і іншыя новыя пазыцыі.

На Беларускай таварнай біржы пачалі прадаваць сушаныя пялёсткі васілька

Прапанаваць вокладку

Сушаныя пялёсткі васілька пачалі прадаваць на таргах Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы (БУТБ). Пра гэта паведаміла прэс-служба БУТБ. Першым пакупніком незвычайнага інгрэдыенту стала адно з кандытарскіх прадпрыемстваў Магілёўскай вобласьці, прадаўцом у межах пілётнай біржавой зьдзелкі выступіў менскі вытворца расьліннай і лекавай сыравіны.

Васілёк выстаўляюць на гандлёвыя сэсіі па рэалізацыі харчовай сыравіны на ўнутраным рынку. Біржа праводзіць іх двойчы на тыдзень.

Пялёсткі васілька — не адзіная навінка месяца. Паводле слоў прэс-сакратара БУТБ Рамана Ніва, у лістападзе на таргах зьявіліся харчовыя валокны з цыкорыі, сушаныя брусьніцы, сьвежая чорнаплодная рабіна і абляпіха, хутка замарожаная груша і гідролізаваны калаген. Ён адзначыў, што гэтыя тавары ня толькі ўнесеныя ў гандлёвую сыстэму, але і сталі прадметамі зьдзелак, заключаных у лістападзе.

Комплексныя харчовыя дабаўкі, ядры сланечніку, харчовы жэлятын, замарожаная вішня і закваска для малочных прадуктаў на 20 лістапада склалі 41% закупаў у коштавым выражэньні ў структуры зьдзелак з сыравінай для харчовай прамысловасьці.

У лістападзе харчовую сыравіну на БУТБ куплялі 53 арганізацыі, а прадавалі 115. Паводле ацэнкі аналітыкаў біржы, такія суадносіны попыту і прапановы ўзмацнілі канкурэнцыю паміж пастаўшчыкамі і павысілі эфэктыўнасьць закупаў. Яны ж падлічылі, што празь зьніжэньне стартавых цэнаў падчас таргоў беларускія пакупнікі харчовай сыравіны за няпоўны месяц зэканомілі амаль паўмільёна рублёў.

Каментары