Апошнім часам пачасьціліся скаргі беларускіх спажыўцоў на пакупкі ў замежных прадаўцоў. У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРТ) папярэдзілі пра рызыкі заказаў на замежных інтэрнэт-пляцоўках: паводле слоў ведамства, беларусы могуць патрапіць у непрыемную сытуацыю.
Прычына, як патлумачылі ў МАРТ, у тым, што спажыўцы не заўсёды валодаюць поўнай інфармацыяй пра асаблівыя ўмовы пастаўкі і вяртаньня тавараў з-за мяжы, і таму сутыкаюцца з праблемамі пры атрыманьні, аглядзе і вяртаньні.
Галоўнае перасьцярога ведамства: на заказы ў прадаўцоў, зарэгістраваных па-за межамі ЕАЭС, беларускі закон аб абароне правоў спажыўцоў не распаўсюджваецца. Паводле слоў МАРТ, ажыцьцяўляючы такія пакупкі, грамадзяне фактычна пазбаўляюцца звыклых прававых гарантый.
Такі заказ афармляюць і дастаўляюць як міжнароднае паштовае адпраўленьне, тавар ідзе наўпрост з-за межаў ЕАЭС да пакупніка. Праверыць яго да аплаты не атрымаецца: агледзець пасылку можна толькі пасьля аплаты ў пункце выдачы, у тым ліку ў аддзяленьнях «Белпошты».
Калі заказ не задаволіць, прэтэнзіі трэба скіроўваць наўпрост замежнаму прадаўцу, зь ім жа ўзгадняць вяртаньне грошай. Адпраўляць тавар назад за мяжу давядзецца за свой кошт.
Сама пляцоўка, якая толькі прадастаўляе прадаўцу месца для разьмяшчэньня прапановы, якасьць тавару не правярае і за яе не адказвае. Адказнасьць нясе толькі прадавец.
Перад пакупкай у міністэрстве раяць уважліва вывучаць умовы дастаўкі, атрыманьня і вяртаньня тавару.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…