Пракуратура Горадні з пачатку года накіравала ў суд 75 заяваў аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пра гэта паведаміла служба інфармацыі пракуратуры Гарадзенскай вобласьці. Заявы падавалі ў межах нагляду за выкананьнем заканадаўства аб процідзеяньні экстрэмізму.
Адну з заяваў пракурора задаволіў суд Ленінскага раёна Горадні: «экстрэмісцкімі» прызнаныя TikTok-акаўнты «Усе супраць Пуціна», «Зямлянін» і «Віталь Тарасаў». Паводле вэрсіі пракуратуры, там распаўсюджвалі відэа з заклікамі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі і да ўдзелу ў незаконным мітынгу 9 траўня 2026 году.
Паводле заяваў пракурора, суд прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыялы ў 65 Telegram-чатах, ботах і каналах, 26 акаўнтах у Facebook, 7 старонках у Instagram, 7 каналах на YouTube і 4 акаўнтах у TikTok. Апрача таго, у сьпіс трапілі 3 акаўнты ў «УКантакце», профілі ў X, Threads і іншых сацсетках, а таксама 3 інтэрнэт-сайты.
Як паведаміла пракуратура, копіі судовых пастановаў накіраваныя ў Міністэрства інфармацыі. Ведамства мусіць уключыць прадукцыю ў рэспубліканскі сьпіс і абмежаваць доступ да яе. Фармальна гэта азначае, што матэрыялы са сьпісу ў Беларусі будуць закрытыя, а іх распаўсюд стане падставай для адказнасьці.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…