Дзяржава Фінансы

Банк «Рашэньне» спыніў выдачу карты з фрысьпінамі Betera ў дзень запуску

Віртуальную карту банк і букмэкерская кампанія Betera прэзэнтавалі 10 лістапада. Пазьней банк паведаміў фінансаваму парталу, што спыняе яе выдачу, а старонка карты на сайце недаступная.

Банк «Рашэньне» спыніў выдачу карты з фрысьпінамі Betera ў дзень запуску

Банк «Рашэньне» спыніў выдачу віртуальнай карты Betera Card, якую запусьціў разам з букмэкерскай кампаніяй і анлайн-казыно Betera. Карту анансавалі 10 лістапада 2026 году, а афармленьне спынілі ў той жа дзень. Гэта была першая ў Беларусі віртуальная банкаўская карта, уладальнікі якой атрымліваюць бясплатныя кручэньні ў анлайн-казыно.

Аформіць карту прапаноўвалі бясплатна. Карыстальнікам абяцалі бонусы за папаўненьне гульнявога акаўнта і за плацяжы праз Apple, Samsung і Swoo Pay. Банк са свайго боку прапаноўваў зьніжаную стаўку па крэдыце, зьніжкі на іншыя банкаўскія прадукты і акцыі ў Visa Extra.

Запуск карты адразу выклікаў масавую крытыку беларусаў. Адзін з карыстальнікаў запытаўся, ці ёсьць у банка этычны кодэкс і ці не парушае яго выпуск такой карты, назваўшы гэта адбельваньнем казыно і заахвочваньнем гульнявой залежнасьці.

Іншы карыстальнік напісаў, што банку «Рашэньне» сорамна за заахвочваньне шкоднай залежнасьці сярод насельніцтва, і дадаў: «Зьніжкі і бонусы прапаноўваюць, вы толькі прайгравайце». Ён жа папракнуў фінансавы партал за тое, што ў ягонай публікацыі пра карту няма негатыўных адносінаў да сытуацыі.

Трэці запатрабаваў адмены абодвух прадуктаў, уключна з акцыямі Visa Extra, «за такія цікавыя інтэграцыі».

Пазьней банк «Рашэньне» паведаміў фінансаваму парталу, што з 10 лістапада спыняе выдачу сумеснай з Betera віртуальнай карты. Старонка з інфармацыяй пра яе на сайце банка цяпер недаступная.

Партал адзначыў, што навіна пра запуск атрымала вялікі негатыўны водгук, але сьцьвярджаць, што менавіта рэзананс стаў прычынай рашэньня, ня можа.

У сакавіку 2026 году ў Беларусі набылі моц новыя правілы для анлайн-казыно. Яшчэ ў сакавіку 2024 году ў краіне абмяркоўвалі забарону банкам прымаць плацяжы на карысьць замежных арганізатараў азартных гульняў.

Каментары