Пракуратура Фрунзенскага раёна Менску накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненьні да чатырох замежных грамадзянаў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі незаконнай міграцыі па частцы 1 артыкула 371-1 Крымінальнага кодэксу. Усе чацьвёра застаюцца пад вартай.
Абвінавачаным ад 19 да 29 гадоў. Паводле вэрсіі сьледзтва, за грошы яны арганізоўвалі незаконны ўезд замежнікаў і такім чынам арганізавалі міграцыю 19 чалавек. Іх даход ад гэтай дзейнасьці, паводле зьвестак абвінавачаньня, перавысіў 19000 рублёў. Грамадзянства абвінавачаных і тых, хто перасёк мяжу, не называецца.
Сьледзтва вылучае тры эпізоды. У канцы траўня 2026 году абвінавачаныя арганізавалі перавозку ў Менск з памежнага раёну сямёх замежнікаў, сярод якіх было пяцёра дарослых і двое дзяцей. У чэрвені 2026 году яны арганізавалі міграцыю яшчэ 11 чалавек, якія перасеклі мяжу ў раёне Сожа. У трэцім эпізодзе гаворка ідзе пра аднаго чалавека.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, замежнікі перасякалі мяжу па-за пунктамі пропуску і бязь неабходных для ўезду віз. У пракуратуры заявілі: «Для забесьпячэньня знаходжаньня незаконна прыбылых замежнікаў на тэрыторыі краіны абвінавачаныя арандавалі жылыя памяшканьні для іх часовага пражываньня».
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…