Іван Краўцоў правёў першае пасяджэньне сваёй каманды і абвясьціў аб запуску «Офіса Краўцова Івана» (ОКІ). Сам Краўцоў заявіў, што бярэ на сябе ролю нацыянальнага лідэра.
Паводле заявы Краўцова, офіс будзе трымаць Беларусь у міжнароднай павестцы і працаваць з заходнімі партнэрамі дзеля вызваленьня Беларусі. Асновай працы названая «Праграма Краўцова: 11 вымярэньняў». Хто ўвойдзе ў склад каманды і якія канкрэтныя крокі ўключае праграма, не паведамляецца.
10 лістапада ў Эўрапарлямэнце Краўцоў правёў працоўную сустрэчу са старшынёй Эўрапарлямэнту Робэртай Мэтсолай. Бакі абмеркавалі пытаньні беларускіх палітвязьняў, санкцый супраць уладаў Лукашэнкі і падтрымкі грамадзянскай супольнасьці.
Мэтсола запэўніла, што Эўразьвяз стаіць на баку беларускага народу і прытрымліваецца доўгатэрміновай стратэгіі падтрымкі дэмакратычнага руху. Паводле яе слоў, Эўразьвяз не будзе аслабляць ціск на Беларусь, пакуль улады Лукашэнкі не пачнуць выконваць патрабаваньні беларускага грамадзтва.
Краўцоў — актывіст, якога ў траўні 2024 году завочна асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі. Завочны суд над ім пачаўся ў красавіку 2024 году, а ў студзені 2024-га Сьледчы камітэт распачаў у дачыненьні да яго асаблівую вытворчасьць.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…