Грамадзтва

На Арлоўцы ў Менску пачалі зносіць прыватныя дамы дзеля станцыі мэтро

Усяго на Арлоўцы плянуюць зьнесьці больш за 400 дамоў. Улады разьлічваюць павялічыць насельніцтва прылеглых кварталаў з 7 да амаль 12 тысяч чалавек.

На Арлоўцы ў Менску пачалі зносіць прыватныя дамы дзеля станцыі мэтро

У раёне вуліц Арлоўскай, Гая і Мазырскай у Менску пачалі зносіць прыватны сэктар для будаўніцтва чацьвёртай, кальцавой лініі мэтро. У першую чаргу дэмантуюць 28 прыватных малапавярховых дамоў і каля 8 двухпавярховых дамоў, якія ўжо пустуюць, — пад будучую станцыю «Старавіленскі шлях».

Знос на Арлоўцы стартаваў два месяцы таму, і цяпер чарга дайшла да прыватных жылых пабудоў. Усяго з часам тут плянуюць зьнесьці больш за 400 дамоў, паводле зьвестак выданьняў, дзеля новых шматпавярховікаў і аб'ектаў мэтро.

Масіў прыватнай забудовы на Арлоўцы займае амаль 80 гектараў у межах вуліц Харужай, Чарвякова, Крапоткіна і Карастаянавай. Пад знос таксама патрапяць дыспэтчарская станцыя «Возера», швейная фабрыка, вэтэрынарная станцыя Цэнтральнага раёну, ЖРЭА №27, крама тавараў для жывёлаў і кафэ «Ёлкі-палкі».

На месцы зьнесеных дамоў узьвядуць шматкватэрныя дамы, шматфункцыянальныя цэнтры, дзіцячыя садкі і паркінгі. Гарадзкія ўлады маюць намер павялічыць насельніцтва кварталаў ля Арлоўскай прыкладна з 7 тысяч да 11.8 тысячы чалавек.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну Сяргей Утлік сказаў: «Праектуецца і будуецца мэтро, у тым ліку і па вуліцы Арлоўскай будзе праходзіць мэтро, 2 станцыі [кальцавой лініі] мэтро: «Арлоўская» і «Старавіленская». У канчатковым выніку праз пару гадоў мы ўбачым сучасны добраўпарадкаваны раён». Ён таксама заявіў: «зносіцца тое, што ўжо вызвалілася».

Галоўны інжынэр «Менскмэтрапраекта» Георгій Пратасаў патлумачыў, што знос у квартале паміж Даўгінаўскім трактам і вуліцай Карастаянава патрэбны для будпляцоўкі станцыі «Старавіленскі шлях», катлавана і аб'ездаў. Паводле яго слоў, знос пабудоў побач з будучым тунэлем — стандартная практыка для аптымізацыі будаўнічых работ.

Менчукі публікуюць фота і відэа зносу сядзібаў і камэнтуюць па-рознаму: «Гэта ж чыёсьці жыцьцё», «я тут вырасла», «балюча глядзець», але таксама «даўно пара» і «горад павінен разьвівацца».

Вуліца Арлоўская, плошча Бангалор і Сурганава ўваходзяць у другое транспартнае кольца Менску, дзе зьявяцца першыя станцыі чацьвёртай лініі мэтро. У траўні 2025 году паведамлялася, што будаўніцтва кальцавой лініі стартуе ў 2026 годзе, а ў кастрычніку 2025 году «Менскмэтрапраект» казаў, што на ёй плянуюць разьмясьціць 16 станцыяў.

Каментары