Нядаўна ў Празе адбыўся зьезд славянскіх этнаграфаў і геаграфаў. Было чалавек сто з іншых дзяржаваў і каля чатырохсот з Чэха-Славакіі. Ад ССРР быў толькі адзін дэлегат—вядомы беларускі вучоны, праф. Карскі, пасланы Пецярбурскай Акадэміяй Навук.
Па ініцыятыве праф. Карскага адбыўся сход студэнтаў-беларусаў, на якім дэлегат з Бацькаўшчыны знаёміў моладзь з беларускай працай у Радавай Беларусі. Сход цягнуўся гадзін чатыры.
Гаворачы аб нашых паэтах і пісьменьніках, праф. Карскі з асаблівай пашанай гаварыў аб творчасьці Якуба Коласа, які нязвычайна вырас: „Каласок наш расьце! Цяпер ужо можна сказаць, што гэта — сьветавая велічыня!“ Гаворачы аб беларускім адраджэнскім руху, ён закончыў сваю прамову славамі: „Народ наш ніколі ня можа ўжо загінуць!“
Студэнтамі тутэйшымі астаўся здаволены, дзівіўся выяўленай на сходзе сьвядомасьці іх. Адыходзячы сказаў: „Пацешылі старога, пацешылі!“
З Прагі праф. Карскі маніўся праехаць у Вільню, але польская ўлада ня пусьціла яго, адмовіўшы даць візу.
Аб студэнтах нашых можна сказаць, што для іх цяпер—самы гарачы час, асабліва для тэхнікаў: трэба да канца заняткаў здаць абавязковыя „залікі“. Дык усе рупна вучацца.
Малады наш паэт, Уладзімер Жылка, хворы на сухоты, выехаў у санаторыю па Pleszi. Там-жа знаходзіцца вядомы беларускі дзеяч, Леавард Заяц.
Студэнт.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…