Гісторыя Архівы

Вынікі сыстэмы выжываньня

Паліцэйскі ціск прымусіў бясьпечна жыць на радзіме толькі нешматлікіх: цэлы рад беларускіх інтэлігентаў, настаўнікаў і пісьменьнікаў давялося пакінуць край. Яны апынуліся ў Латвіі, Літве і Савецкай Беларусі, дзе, паводле вестак, знайшлі шырокае поле працы.

Вынікі сыстэмы выжываньня

Паміма тэй беларускай моладзі, якая ў лічбе звыш сотні студэнтаў выэмігравала ў Прагу Чэскую з прычыны зачыненьня перад ёй дзьвярэй польскіх унівэрсытэтаў, за апошнія гады польская ўлада „выжыла“ з краю цэлы рад беларускіх інтэлігентаў. У Латвіі аселі: выдатны культурны дзеяч Іван Краскоўскі і вядомы нацыянальны працаўнік Андрэй Якубецкі, абодва выкінутыя гвалтам за межы Польшчы. У Усходняю Беларусь выэмігравала доўгая чарга нашых інтэлігентаў, пачынаючы нядаўна памершым Кузьмой Тарэшчанкай, а іменна: аўтар беларускае геаграфіі Аркадзь Смоліч; вучыцель Віл. Бел. Гімназіі, аўтар гісторыі беларускае літэратуры, пісьменьнік Максім Гарэцкі, пазбаўлены ўладай права вучыць; журналіст, літэратар і спэнічны дзеяч Л. Родзевіч, замучаны вечнымі паліцэйскімі вобыскамі; вучыцель Віл. Белар. Гімназіі Генадзі Багдановіч, пазбаўлены права выкладаньня ў Гімназіі, як „obcokrajowiec“, хаця яго родны брат, Вячаслаў, — польскі сэнатар (!); Аляксандар Карабач, некалі сябра Бел. Нац. К-ту, вывезены гвалтам у Літву ў лічбе 33; Язэп Лагіновіч, рэдактар беларускіх газэт, пастаянна канфіскаваных і зачыняных уладай; Павел Жаўрыд,— ды няліча-нае множства беларускіх настаўнікаў, якіх з родных вёсак „выжылі“ паліцэйскія перасьледаваньні.

Паводле вестак, якія ад часу да часу прыходзяць да нас з Усходу, усе нашыя эмігранты знайшлі тамака для сябе шырокае поле дзеля культурнае працы—ў дзяржаўным масштабе. А самы факт іх бытнасьці ў Беларускай Сацыялістычнай Радавай Рэспубліцы будзіць у шырокіх беларускіх масах вельмі няпрыхільны да Польшчы настрой….

Каментары