Грамадзтва Дыяспара

Апытаньне фонду Ocalenie: больш за палову мігрантаў у Польшчы сутыкаліся з гвалтам

Сярод 988 апытаных, дзьве траціны зь іх — выхадцы з Украіны і Беларусі, пра гвалт за апошнія паўгода расказала больш за палову. Зьвярнуліся ў органы ўлады толькі 13.2% пацярпелых.

Апытаньне фонду Ocalenie: больш за палову мігрантаў у Польшчы сутыкаліся з гвалтам

Прапанаваць вокладку

Больш за палову замежнікаў, якія жывуць у Польшчы, цягам апошніх шасьці месяцаў сутыкаліся з агрэсіяй, дыскрымінацыяй або іншымі формамі гвалту. Да такой высновы прыйшло дасьледаваньне варшаўскага фонду Ocalenie, пра вынікі якога паведаміў партал Bankier.pl.

У апытаньні ўзялі ўдзел 988 чалавек з больш чым 70 краінаў, дзьве траціны зь іх — з Украіны і Беларусі.

Паводле дасьледаваньня, 46% рэспандэнтаў сутыкаліся больш чым з адным відам гвалту, а 25.8% — з гвалтам некалькі разоў на год. З тых, хто пацярпеў, 61% лічыць прычынай нацыянальныя прадузятасьці, 15% — этнічныя або расавыя, крыху меней за 7% зьвязалі гвалт з рэлігіяй.

Непрыемныя камэнтары або зьнявагі на свой адрас адзначылі 45% апытаных, і 34.1% зь іх зазналі вэрбальную агрэсію з боку палякаў. Часьцей за ўсё гэта адбывалася на вуліцах, у грамадзкім транспарце і крамах. Кожны трэці сутыкаўся з прыніжальным стаўленьнем, асабліва ў працоўных адносінах і пры арэндзе жытла. З запалохваньнем сутыкнуліся 14% апытаных, часьцей за ўсё з боку палякаў.

Эканамічны гвалт — нявыплата або затрымкі зарплаты, невыкананьне Працоўнага кодэксу — закрануў 24.2% апытаных. Кожны восьмы сутыкаўся зь фізычным гвалтам: ударамі, штуршкамі, пляваньнем, спробамі зьдзерці хіджаб. У большасьці выпадкаў агрэсарамі былі палякі.

Найчасьцейшыя канфлікты ўнутры мігранцкага асяродзьдзя ўзьнікаюць паміж украінцамі і рускамоўнымі выхадцамі зь Беларусі і Расеі.

Пра выпадкі гвалту ў органы ўлады паведамілі толькі 13.2% пацярпелых. Пры гэтым 72.5% апытаных заявілі, што адчуваюць сябе ў Польшчы ў бясьпецы.

Адна з удзельніц апытаньня зь Беларусі прывяла прыклад: «Дзіця, за якім я даглядала, сказала мне: “Б***ь, ты ў маёй краіне і ты мая служанка”». Другая беларуска расказала, што польскія працадаўцы абяцалі дапамагчы зь легалізацыяй, праз што яна працавала больш пры меншых льготах, а потым скасавалі дамову за тыдзень да сканчэньня тэрміну яе дазволу на жыхарства. Мужчына з Расеі ўспомніў, як на працы паляк пагражаў яму пісталетам і сказаў, што «мы “пацукі” і нас трэба вывезьці куды-небудзь у лес».

Намесьніца ўпаўнаважанага па правах чалавека Польшчы Анна Блашчак-Банасяк заявіла, што сытуацыя адлюстроўвае польскія публічныя дэбаты, якія часта будуюцца на мове дэгуманізацыі і нармалізацыі агрэсіі ў дачыненьні да мігрантаў. Паводле яе слоў: «Мы знаходзімся напярэдадні выбарчай кампаніі, якая, мяркуючы па ўсім, таксама можа быць заснаваная на антымігранцкіх, антыбежанцкіх, антыўкраінскіх тэмах, і гэта, безумоўна, — і даныя гэта выразна паказваюць, — вядзе да эскаляцыі вулічнага гвалту».

Каментары