Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы затрымалі шэсьць чалавек, якіх падазраюць ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, што дзейнічала супраць Польшчы. Сярод іх пяцёра польскіх грамадзянаў ва ўзросьце ад 25 да 52 гадоў і 37-гадовая расейка.
Апэрацыя па затрыманьні доўжылася з 21 кастрычніка па 2 лістапада. Вобшукі, паводле паведамленьняў, прайшлі ў 21 месцы ў трох ваяводзтвах.
Міністар-каардынатар спэцслужбаў Тамаш Семоняк сказаў: «Супрацоўнікі ABW затрымалі шэсьць чалавек, якіх падазраюць ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, што дзейнічала супраць Рэспублікі Польшча» (пераклад).
Паводле слоў Семоняка, сабраныя доказы паказваюць, што затрыманыя дзейнічалі ў інтарэсах расейскіх спэцслужбаў і ўдзельнічалі ў дзейнасьці, скіраванай на ўмацаваньне ваеннага патэнцыялу Расеі.
Паводле зьвестак сьледзтва, група займалася незаконнымі пастаўкамі ў Расею значных аб'ёмаў матэрыялаў ваеннага прызначэньня, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці боепрыпасаў і сыстэм узбраеньня. Затрыманым прад'яўленыя абвінавачаньні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, шпіянажы і незаконным гандлі стратэгічнымі тэхналёгіямі для абароны.
Чацьвярых затрыманых суд арыштаваў, яшчэ двум прызначыў меру, не зьвязаную з утрыманьнем пад вартай, паведаміў Семоняк.
Падобныя справы ў Польшчы здараліся і раней. У красавіку 2014 году Агенцтва ўнутранай бясьпекі апублікавала даклад пра затрыманьне шпіёнаў зь Беларусі і Расеі. У жніўні 2023 году па падазрэньні ў працы на расейскую выведку затрымалі грамадзяніна Беларусі, а ў сакавіку 2023 году ў Беластоку пачаўся працэс па справе пра шпіянаж над беларусам і расейцам.
У кастрычніку 2025 году Найвышэйшы суд Польшчы пакінуў у сіле прысуд беларусу за шпіянаж.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…