Палонны беларус Андрэй распавёў у інтэрвію, якое апублікавала 68-я асобная аэрамабільная брыгада Узброеных сілаў Украіны імя Алексы Довбуша, як апынуўся ў штурмавой групе. «Мяне прымусілі, шчыра, прымусілі», — паўтарае ён некалькі разоў.
Андрэю 37 гадоў, ён зь Пінску. Дома ён працаваў на будаўніцтве дарог: клаў брукаванку і тратуарныя бардзюры, рабіў ліўневую каналізацыю і дажджавыя прыёмнікі.
З законам у яго былі праблемы яшчэ зь юнацтва, прызнае Андрэй: хуліганства, двойчы затрымлівалі за рулём п'янага, дробныя крадзяжы. Паводле яго словаў, у беларускіх калёніях ён правёў каля васьмі гадоў і падчас пратэстаў 2020 году знаходзіўся ў зьняволеньні.
Шлях на вайну пачаўся ў 2024 годзе, калі даўні знаёмы паклікаў яго ў Пецярбург «добрай працай у Мэтрастроі». Замест чаканых 200000 расейскіх рублёў за першы месяц яму выплацілі 30000, спаслаўшыся на нявыкананы плян. Калі праз паўмесяца ён папрасіў аванс, яму адказалі: «Не падабаецца — ідзі, такіх, як ты, шмат».
У 2025 годзе пачаліся праблемы з паліцыяй. Ад яго патрабавалі рэгістрацыю і СНІЛС, тлумачачы, што ён цяпер не грамадзянін «саюзнай дзяржавы», а звычайны іншаземец. За адсутнасьць пашпарта яго аштрафавалі; калі знаёмы прывёз дакумэнт, паліцыянты пакінулі пашпарт сабе і абяцалі вярнуць пасьля аплаты штрафу. Па дарозе плаціць штраф Андрэя зноў спынілі і затрымалі за тое, што ён ходзіць без пашпарта, які забрала сама паліцыя.
Некалькі сутак яго трымалі ў аддзеле без ежы і вады. Паводле Андрэя, паліцыянты адчынілі дзьверы, паглядзелі і сказалі: «Не здохнеш». Ён кажа, што да яго ставіліся як да сабакі.
З аддзяленьня ён трапіў у цэнтар утрыманьня мігрантаў, дзе жанчына спыталася, ці ня хоча ён падпісаць кантракт на «СВА». Ён адмовіўся, сказаўшы, што хоча жыць. Назаўтра зь ім доўга гутарылі: расказвалі пра прывілеі, у тым ліку пра пагашэньне судзімасьцяў, і пагражалі турмой за крадзеж самаката ці ровара.
«У грошы я не верыў, бо ў Расеі іх ніколі ня бачыў. А вось у тое, што здымуць судзімасьці і я вярнуся дадому чыстым чалавекам, без нагляду, — у гэта я паверыў», — прызнаецца беларус. Кантракт ён падпісаў, але пашпарт так і не атрымаў.
Першая вучэбка была ў Каменцы, у 60–70 кілямэтрах ад Пецярбургу ў бок Выбарга, і доўжылася тры тыдні. Аўтаматы АК-74 выдалі толькі праз тры дні, страляць пачалі праз тыдзень, а яшчэ праз тыдзень кожны кінуў адну-дзьве гранаты.
На фізпадрыхтоўцы Андрэй пашкодзіў абодва калены. У шпіталі не працаваў рэнтген, а неўзабаве яго перасталі туды вазіць. З хворымі нагамі яго адправілі ў Луганскую вобласьць; на просьбы пра лячэньне адказалі, што калі ён ня зможа ісьці сам, яго пагоняць.
Другі лягер быў у лесе каля Беловодску на акупаванай Луганшчыне. Паводле Андрэя, камандаваньне сказала: «кіньце свае наіўныя ідэі, што нехта пойдзе на будоўлю, нехта застанецца кіроўцам. Вы ўсе штурмавікі. Вы ўсе — мяса».
У групе, зь якой ён ехаў, было чалавек 20–25: многія з Карэліі і поўначы Расеі, былі ўзбэкі і таджыкі, зь Беларусі толькі ён. Некалькі чалавек спрабавалі ўцячы. Мужчыну гадоў пяцідзесяці прывезьлі назад празь дзень, пасьля гэтага на ноч яго прыкоўвалі кайданкамі да слупа, а ўдзень вазілі на палігон пад наглядам.
Камандзіры, паводле расповеду Андрэя, наўпрост папярэджвалі: нават калі адмовішся і сядзеш у турму, адтуль усё роўна трапіш на фронт.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…