У Віцебскай вобласьці сілавікі пасьля ператрусаў адмаўляюцца пакідаць жыхарам копіі пратаколаў. Праваабаронцам з «Віцебскай вясны» вядома пра некалькі такіх выпадкаў.
Калі людзі патрабавалі пакінуць копію пратаколу і сьпіс канфіскаваных рэчаў, сілавікі адказвалі, што ў дакумэнтах запісаныя іх асабістыя дадзеныя, а перадача такіх дакумэнтаў — «парушэньне таямніцы асабістай інфармацыі».
Паводле слоў праваабаронцаў, пратакол ператрусу — адзіны афіцыйны дакумэнт, які пацьвярджае сам факт ператрусу, утрымлівае поўны сьпіс канфіскаваных рэчаў і фіксуе заўвагі, зробленыя чалавекам. Бязь яго расьце рызыка падмены або страты канфіскаванага, узьнікаюць праблемы зь вяртаньнем маёмасьці. Чалавек пры гэтым пазбаўляецца і магчымасьці абскардзіць дзеяньні супрацоўнікаў.
У пратаколе пазначаныя толькі імёны, прозьвішчы і пасады супрацоўнікаў, якія праводзілі ператрус, бяз іх хатніх адрасоў. Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што службовыя асобы дзейнічалі ў межах сваіх службовых паўнамоцтваў.
Адмову пакінуць копію пратаколу па любой прычыне праваабаронцы называюць прамым парушэньнем закону. Гэта тычыцца і адгаворак кшталту «у нас няма паперы», «прыйдзеце ў аддзел — забярэце» ці «потым пашлём поштай».
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…