Гісторыя Архівы

Разлом у Соймавым Клюбе польскае партыі „Wyzwolenie“

Беларускія паслы ў польскім «Вызваленьні» даўно адчувалі сябе чужымі, а ў залі Сойму іх публічна зьняважылі палкоўнік Медзінскі і Маліноўскі. Аўтар чакае разрыву, пасьля якога беларусы пяройдуць да Беларускага Клюбу.

Разлом у Соймавым Клюбе польскае партыі „Wyzwolenie“

Ужо аддаўна, амаль не з пачатку працы ў цяперашнім Варшаўскім Сойме, адчувалася пэўная розьніца ў паглядах паміж wyzwoleńcami з Конгрэсовай Польшчы і некаторымі вызваленцамі з нашых беларускіх земляў. Розьніца гэта палягала на тым, што сябры партыі „Wyzwolenie“, але па нацыянальнасьці беларусы, як Шакун, Балін, Шапель і Галавач, адчувалі драму з тае прычыны, што апынуліся яны ў партыі польскай, якой ня так блізка да сэрца нашае беларускае сацыяльнае і нацыянальнае гора. Чулі яны сябе чужымі ў гэтай польскай партыі, але трымаліся чамусь-ці ўсё-ж такі там, складаючы левае крыло „Wyzwolenia“.

Прадстаўляюць яны ў „Wyzwoleniu“ невялікую групу, якая ня мела ды і ня можа мець жаднага ўплыву на ўсю партыю, якая складаецца амаль ня выключна з палякоў. Як ні чужой лічылі памянёныя дэпутаты для сябе польскую партыю „Wyzwolenie“, аднак не хватала ў іх грамадзкай мужнасьці, каб раз назаўсёды парваць з чужой для іх польскай партыяй, выйсьці з яе і далучыцца да Беларускага Пасольскага Клюбу, які ставіць свае адносіны да польскае палітыкі на беларускіх землях зусім ясна і адкрыта. І заставаліся беларусы Шакун, Балін, Шапель і Галавач у „Wyzwoleniu“, зьяўляючыся там чуць не другаразраднымі дэпутатамі ў Соймавым Клюбе. Зносілі яны гэткае свае палажэньне, ў працягу амаль не 1½ года. Праўда, прарываўся ў іх пратэст беларускай душы, праяўляўся свой краёвы народны патрыятызм, але заглушаўся ён большасьцю сяброў партыі—палякоў, на чале якіх стаіць Тугут.

Але вось, ў палавіне чэрвеня г. г. здарыўся выпадак, які ясна паказаў, як адносяцца палякі ў „Wyzwoleniu“ да Баліна і яго таварышоў. І факт гэты стаўся вядомым усім, бо адбыўся у залі паседжаньняў Сойму, а не ў памешканьні клюбу „Wyzwolenie“, адкуль падобныя факты, хоць калі яны там і адбываліся, то ня бачылі сьвету. Цяпер-жа ўсё гэта выплыла на сьвет, і не вядома — ці ўхітрыцца Тугут і далей трымаць іх пры сабе.

У часе прамовы ў Сойме генарала Сікорскага, вайсковага міністра, у той час, як міністар зачапіў пытаньне аб асадніцтве на „Kresach Wschodnich“, з лаваў Беларускага і Украінскіх Пасольскіх Клюбаў паляцелі крыкі пратэсту проці асадніцтва. У гэты-ж момант—як вызваленцы ўсе маўчалі—раптам пачуўся празьлівы выкрык Галавача па адрасу міністра аб асадніцтве на беларускіх землях. У адзін міг падскочыў да Галавача паляк-вызваленец палкоўнік Медзінскі і закрычаў: „Milcz, bydle, bo zastrzelę!“ г. зн. „Маўчы, быдла, а то застрэлю“. Другі паляк-вызваленец М. Маліноўскі пачаў у гэты-ж час тузгаць за каўнер Баліна, які таксама крыкнуў нешта наконта асадніцтва.

Пасьля гэтага інцыдэнту адбылося бурлівае паседжаньне дэпутатаў клюбу „Wyzwolenie“. Можна было думаць, што пры наліччы прынцыповых разыходжаньняў Баліна і яго таварышоў з агульнай лініяй палітыкі „Wyzwolenia“ і пасьля тэй зьнявагі, якую дасталі яны ад палякоў-вызваленцаў, — яны выйдуць з „Wyzwolenia“. Цьвердзілі ўрэшці, гэта і самі абражаныя, бо адчулі яны добра, што прычынай гэткай зьнявагі было тое, што жывець яшчэ ў іх пачуцьцё беларускага патрыятызму,—і за гэта іх зьняважаюць у польскай партыі.

Не бяромся мы праракаваць, ці возьмец верх у абражаных пачуцьце свайго гонару, любасьць да свайго народу, а значыць і выхад з „Wyzwolenia“, ці возьмец верх страх перад панамі Тугутам, Медзінскім і інш. і выгоды прыналежнасьці да польскае партыі. Жыцьцё пакажаць. У кожным разе можам сьмела зазначыць, што шчыліна паміж псыхолёгіяй і патрыятызмам беларуса і паляка ў „Wyzwoleniu“ ўсё павялічваецца, і той духовы разлом, які цяпер пануе ў „Wyzwoleniu“, можа давесьці да таго, што левая частка „Wyzwolenia“ пакінець гэтую партыю. Зусім магчымым зьяўляецца выхад з „Wyzwolenia“ да 15 асоб, з якіх частка (беларуская) можа далучыцца да Беларускага Пасольскага Клюбу, а рэшта (паляки) маюць зарганізаваць у Сойме клюб польскіх незалежных сацыялістаў. Есьць пэўныя погаласкі, што гэты разлом у „Wyzwoleniu“ адбудзецца цяпер, да канца працаў Сойму перад летнімі вакацыямі.

N.

Каментары