Палітыка Міжнародныя адносіны

Дрон патрапіў у супэрмаркет Novus пад Кіевам: двое загінулых, восем параненых

Цела яшчэ аднаго мужчыны ратавальнікі дасталі з-пад завалаў прыватнага дома ў Белацаркоўскім раёне. Кіраўнік Кіеўскай АВА не выключае, што ў Вішнёвым пад абломкамі застаюцца людзі.

Дрон патрапіў у супэрмаркет Novus пад Кіевам: двое загінулых, восем параненых
Фота: kyiv-live.ua

Прапанаваць вокладку

Увечары ў нядзелю, 22 лістапада, расейскі бесьпілётнік трапіў у вялікі супэрмаркет Novus у Вішнёвым Бучанскага раёна Кіеўскай вобласьці. Паводле зьвестак Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі, загінулі двое чалавек, яшчэ васьмёра пацярпелі. Гэтыя лічбы ўдакладніў кіраўнік адміністрацыі Цімур Ткачэнка.

Ткачэнка напісаў: «Людзі проста прыйшлі ў краму па прадукты. Звычайны паход па пакупкі абярнуўся трагедыяй праз расейскі напад». Вішнёвае шчыльна прымыкае да Кіева з паўднёвага захаду і фактычна зьяўляецца ўскрайкам сталіцы.

У супэрмаркета прабіты дах, унутры значныя разбурэньні. Паводле зьвестак ДСНС Украіны, пасьля трапленьня дрона ў будынку загарэліся стэлажы з прадукцыяй. Пажар патушылі. Адзін з пацярпелых у цяжкім стане.

Выбуховая хваля пашкодзіла і будынак дзіцячага садка побач. Ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы і шукаць людзей, мэдыкі, псыхолягі і прадстаўнікі Таварыства Чырвонага Крыжа Украіны дапамагаюць пацярпелым. Ткачэнка не выключае, што пад абломкамі ўсё яшчэ могуць быць людзі.

Пад удар трапіў і Белацаркоўскі раён: там пасьля атакі загарэўся прыватны дом. Ратавальнікі дасталі з-пад завалаў цела мужчыны, яшчэ чатыры чалавекі пацярпелі. Адну жанчыну выратавалі з пашкоджанага дома і шпіталізавалі з чэрапна-мазгавой траўмай і страсеньнем мозгу, другую параніла выбуховая хваля.

Яшчэ двое пацярпелі ў самой Белай Царкве, дзе абломкі дрона ўпалі каля крамы; абодвух шпіталізавалі. Па словах Ткачэнкі, у раёне пашкоджаныя прыватны жылы дом, два аўтамабілі і будынак прадпрыемства.

Перад ударам вайскоўцы папярэджвалі пра набліжэньне рэактыўных бесьпілётнікаў да паўночнай часткі Кіеўшчыны.

Каментары