Латвія ўпершыню ў сваёй гісторыі ўзначаліла Савет Бясьпекі ААН. Старшынства пачалося 1 лістапада 2026 году і працягнецца адзін месяц.
На працягу гэтага месяца Латвія, як паведаміла ўкраінскае выданьне, будзе весьці ўсе афіцыйныя і неафіцыйныя паседжаньні Савета Бясьпекі.
Пастаянная прадстаўніца Латвіі пры ААН Саніта Паўлута-Дэсьляндэс паведаміла, што Рыга плянуе зрабіць украінскую тэму адным з прыярытэтаў свайго старшынства. Па яе словах, Латвія «прыкладае ўсе высілкі», каб вайна Расеі ва Ўкраіне заставалася адным з прыярытэтных пытаньняў парадку дня Саўбезу.
Галоўнай задачай Латвіі ў Савеце Бясьпекі, паводле слоў амбасадаркі, зьяўляецца ўмацаваньне бясьпекі самой Латвіі, у тым ліку праз падтрымку Ўкраіны.
Старшынства, паводле слоў Паўлуты-Дэсьляндэс, — момант, калі краіна найбольш прыкметная ў Савеце. Яна заявіла, што Латвія мае намер выкарыстаць яго, каб адстойваць свае інтарэсы і каштоўнасьці, павышаць пазнавальнасьць краіны і дэманстраваць адказную пазыцыю.
Латвію абралі ў Савет Бясьпекі ААН у чэрвені 2025 году на двухгадовы тэрмін, пачынаючы са студзеня 2026 году. Для краіны гэта першае месца ў Савеце. Міністарка замежных спраў Байба Браже тады адзначыла гістарычнае значэньне гэтай падзеі.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…