Тэхналёгіі Кібэрбясьпека

Дадатак МНС Расеі ўзламалі: карыстальнікам прыйшлі ілжывыя апавяшчэньні аб ядзерным удары

У ноч на 2 лістапада праз дадатак і рэгіянальныя каналы МНС у мэсэнджары Max разаслалі паведамленьні пра запуск ядзерных боегаловак. Напярэдадні вечарам падобны ўзлом закрануў украінскі дадатак «Паветраная трывога».

Дадатак МНС Расеі ўзламалі: карыстальнікам прыйшлі ілжывыя апавяшчэньні аб ядзерным удары

Мабільны дадатак МНС Расеі вечарам 1 лістапада зазнаў кібэратаку, а ў ноч на 2 лістапада яго карыстальнікі атрымалі ілжывыя апавяшчэньні пра ядзерны ўдар. У паведамленьнях гаварылася, што па ўсіх рэгіёнах краіны запушчаныя ядзерныя боегалоўкі.

Зламысьнікам удалося разаслаць насельніцтву ілжывую інфармацыю праз дадатак. Тыя самыя тэксты зьявіліся ў каналах рэгіянальных управаў МНС і РСНС у мэсэнджары Max. Каля 02:45, паводле данных украінскага выданьня my.ua, аднолькавыя паведамленьні зьявіліся ў рэгіянальных каналах і ў дадатку.

У фальшывых паведамленьнях, як піша my.ua, сьцьвярджалася, што боегалоўкі запушчаныя на носьбітах P1-SUN. У апавяшчэньнях была нецэнзурная лексыка, а жыхарам Расеі прапаноўвалі запасіцца ежай на тры тыдні і схавацца ў падвалах. Паводле вэрсіі my.ua, паведамленьні прымусілі многіх паверыць у горшае.

Напярэдадні вечарам, 1 лістапада, украінскі дадатак «Паветраная трывога» разаслаў карыстальнікам ілжывыя паведамленьні пра радыяцыйную і хімічную небясьпеку, вулічныя баі ў Кіеве і атаку ракетай «Арэшнік». Адно зь іх было на расейскай мове: «Прывітаньне! Зараз па ўсёй Украіне будзе ядзерная трывога. Не хвалюйцеся, ляціць Арэшнік».

Украінскія ўлады паведамілі пра ўзлом. Каманда дадатку заявіла пра несанкцыянаванае ўмяшаньне староньніх асобаў і часова прыпыніла працу сэрвісу. Уначы на 2 лістапада праца пачала паступова аднаўляцца.

Адказнасьць за ўзлом украінскага дадатку, паводле паведамленьня ў Telegram, узяла на сябе расейская хакерская групоўка Hitcore. Незалежнага пацьверджаньня гэтаму няма.

У МНС Расеі заявілі, што спэцыялісты прымаюць захады для аднаўленьня штатнай працы дадатку, а ўзлом не паўплываў і не можа паўплываць на сыстэму апавяшчэньня насельніцтва, якая працуе ў штатным рэжыме.

Паветраныя сілы ЗСУ паведамілі, што дадатак «падвергся варожаму ўзьдзеяньню», і запэўнілі, што радыяцыйнай пагрозы няма. Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сытуацыях заявіла, што нацыянальная сыстэма апавяшчэньня працуе штатна. Каманда дадатку паведаміла, што ён не захоўвае асабістых зьвестак, і прасіла не пераходзіць па спасылках зь якіх-небудзь падазроных апавяшчэньняў.

На Львоўшчыне празь збой сыгнал пра радыяцыйную небясьпеку прагучаў зь вулічных дынамікаў.

Каментары