Беларус Павел Рабцэвіч з дапамогай нейрасетак Claude і Codex, магчыма, знайшоў новую плянэту, якая ў 1.4 раза большая за Зямлю. Побач можа быць і другая плянэта з годам у 11 сутак, удвая большая за Зямлю і з тэмпэратурай каля 260 градусаў, але ў ёй ён меней упэўнены.
У кастрычніку ён расказаў пра знаходку ў сацсетках. Астраномы НАСА ўключылі яе ў плян працы тэлескопа TESS на лістапад.
Рабцэвіч — беларускі айцішнік, жыве ў гішпанскай Тарагоне. Працуе мэнэджарам прадукту і цікавіцца астраноміяй. Яму 28 гадоў.
Навуковы часопіс Nature называе яго адным з найбольш пасьпяховых астраномаў-аматараў, якія цяпер з дапамогай ШІ шукаюць плянэты за межамі Сонечнай сыстэмы.
У верасьні Рабцэвіч узяў адкрытыя зьвесткі тэлескопа TESS. Гэта апарат НАСА, запушчаны ў 2018 годзе для пошуку экзаплянэт вакол Сонечнай сыстэмы. З дапамогай ШІ ён шукаў у зьвестках зоркі, у якіх праз роўныя прамежкі часу падае яркасьць.
Праглядаючы зьвесткі за канец 2025 году, ён зацікавіўся зоркай TIC 4206066, якая знаходзіцца ў 116 сьветлавых гадах ад Зямлі. Прыкладна кожныя 3.18 сутак яе сьвятло становіцца слабейшым прыкладна на дзьве гадзіны.
Зьвесткі той самай зоркі за 2018 і 2020 гады паказалі тую самую заканамернасьць, а значыць, справа, верагодна, у плянэце.
Па словах Рабцэвіча, памер плянэты складае прыкладна 1.4 зямнога, а плянэты такога памеру звычайна скалістыя. Год на ёй доўжыцца 3.18 дня.
Ён таксама кажа, што плянэта атрымлівае ад сваёй зоркі прыкладна ў 70 разоў больш сьвятла, чым Зямля ад Сонца, таму тэмпэратура там каля 530 градусаў Цэльсія.
Паводле таго самага прынцыпу Рабцэвіч знайшоў яшчэ адну магчымую плянэту, але ў яе існаваньні ён меней упэўнены. Яна верціцца вакол той самай зоркі, год там доўжыцца прыкладна 11 дзён, а памер дзесьці ўдвая большы за зямны. Тэмпэратура на ёй мусіць складаць каля 260 градусаў Цэльсія.
Два тыдні Рабцэвіч правяраў знаходкі з дапамогай Claude Code і Codex. Яму ўдалося паказаць, што ніводная зорка побач з TIC 4206066 ня можа быць зьвязана з гэтымі зьменамі яркасьці. Паўторны аналіз з нуля захаваў вынікі, а ў больш ранейшых дасьледаваньнях ён не знайшоў згадак пра гэтыя плянэты.
Пасьля гэтых праверак Рабцэвіч напісаў у НАСА. Цяпер кожны раз, калі тэлескоп аглядае гэтую частку неба, ён фіксуе зорку TIC 4206066 кожныя дзьве хвіліны. Вынікі лістападаўскай праверкі пакуль не вядомыя.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…