Навукоўцы з Унівэрсытэту штату Арэгон пры падтрымцы NASA ўпершыню вырасьцілі бульбу ў імітацыі месяцовага грунту. Праверка паказала, што клубні бясьпечныя, не ўтрымліваюць таксінаў і па пажыўнасьці не саступаюць звычайнай бульбе.
Дасьледчыкі аднавілі рэгаліт паводле ўзораў місіяў «Апалон» і зьмяшалі яго зь біягумусам — арганічным угнаеньнем, якое атрымліваюць з дапамогай дажджавых чарвякоў. Для ўраджаю ў штучную глебу дадалі каля траціны арганічнага кампосту, а таксама ўгнаеньні з азотам, фосфарам і каліем.
Без арганікі вынік быў слабы: у «чыстым» стопрацэнтным рэгаліце парасткі зьявіліся, але клубняў амаль ня далі, у асноўным вырасла кволае бацьвіньне. Больш-меньш нармальныя клубні завязаліся пасьля даданьня вэрмікампосту. У экспэрымэнце выкарысталі гатунак Modoc — раньнясьпелую бульбу з чырвонай скуркай і белай мякацьцю.[1]
У сакавіку 2026 году паведамлялася, што ў лябараторыях для вырошчваньня бульбы імітавалі месяцовы грунт, перапады тэмпэратуры, нізкі ціск і дэфіцыт вады. У кастрычніку 2026 году дасьледчыкі прапаноўвалі паліваць бульбу растворам з 30% гліцэрыну, каб утрымліваць вільгаць у рэгаліце.
Аналіз не выявіў статыстычна значнага павышэньня канцэнтрацыі натуральных таксінаў — глікаалкалоідаў — у клубнях зь месяцовага грунту: яна не перавысіла бясьпечных межаў і не адрозьнівалася ад паказчыкаў бульбы са звычайнай глебы. Батанік Аймэрык Гойер заявіў: «Мы выявілі, што бульба можа прайсьці ўвесь свой жыцьцёвы цыкль у імітаванай месяцовай глебе пры даданьні арганічных рэчываў». Вынікі апублікаваныя ў часопісе npj Microgravity.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…