Тэхналёгіі Навука

У пародах Кітаю знайшлі 59 цыклаў магутных штормаў па 405000 гадоў кожны

Дасьледчыкі рэканструявалі каля 24 мільёнаў гадоў геалягічнай гісторыі. Сувязь штормаў са зьменамі арбіты Зямлі пакуль не даказана канчаткова.

У пародах Кітаю знайшлі 59 цыклаў магутных штормаў па 405000 гадоў кожны

Прапанаваць вокладку

Кітайскія дасьледчыкі выявілі раней невядомы цыкл, зьвязаны з рухам Зямлі вакол Сонца. У старажытных горных пародах захаваліся сьведчаньні таго, што прыкладна кожныя 405000 гадоў на плянэце ўзьнікалі надзвычай моцныя штормы.

Вучоныя вывучылі штармавыя адклады ў Сычуаньскай упадзіне ў Кітаі. Гэта пароды ўзростам каля 500 мільёнаў гадоў, кембрыйскага пэрыяду: яны ўтварыліся на дне даўно зьніклага мора. У асадавых пародах знайшлі паўторныя структуры і рэканструявалі геалягічную гісторыю працягласьцю каля 24 мільёнаў гадоў. Дасьледаваньне выявіла 59 цыклаў, кожны цягнуўся прыкладна 405000 гадоў.

Штармавыя адклады часьцей за ўсё зьяўляліся на этапах нарастаньня і піку кожнага цыклу. У гэтыя пэрыяды ўтвараліся больш тоўстыя пласты асадавых парод, што паказвае на павышаную інтэнсіўнасьць штормаў. Вынікі апублікаваныя ў часопісе Palaeogeography, Palaeoclimatology, Palaeoecology.

Зьяўленьне такіх штормаў можа быць зьвязанае з пэрыядычнымі зьменамі арбіты Зямлі праз уплыў гравітацыі іншых плянэтаў Сонечнай сыстэмы. Існуе і арбітальны цыкл працягласьцю прыкладна 400000 гадоў — цыкл Мілянкавіча: арбіта мяняецца пераважна праз уплыў Вэнэры і Юпітэра. Вучоныя мяркуюць, што ў цёплым клімаце кембрыю такія ваганьні маглі пэрыядычна ўзмацняць нагрэў акіянаў і ствараць умовы для больш моцных штормаў. Дасьледчыкі кажуць, што гэтая ўзаемасувязь пакуль не даказана канчаткова.

Ці могуць падобныя штормы ўзьнікнуць сёньня, застаецца незразумелым: сучасны клімат адрозьніваецца ад кембрыйскага, і ў ім могуць адсутнічаць умовы для вельмі моцных штормаў з такой жа пэрыядычнасьцю.

Каментары