Намесьнік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач расказаў, што ў Беларусі зьбіраюцца запусьціць сыстэму спадарожнікавай сувязі «Сьвітанак», якую называюць беларускім аналягам Starlink. Як камэрцыйную паслугу, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, яе можна будзе рэалізаваць, калі групоўку спадарожнікаў нарасьцяць да ўзроўню бесьперапыннай і якаснай сувязі.
Паводле зьвестак дзяржаўных СМІ Беларусі, паўнавартасны камэрцыйны старт намечаны на 2027 год. У прарасейскіх выданьнях паведамлялася, што новая расейская сыстэма «Сьвітанак» запрацуе на поўную сілу ў пачатку 2027 года.
Паводле зьвестак расейскага выданьня rg.ru ад 20 кастрычніка, выведзена 16 спадарожнікаў. Выданьне піша, што гэта ўжо забясьпечвае працу сыстэмы на працягу некалькіх гадзін, калі апараты знаходзяцца над тэрыторыяй Украіны, і што ідзе тэставая праца і апрабацыя «Сьвітанку» для расейскіх бесьпілётнікаў.
Да канца 2026 года стваральнікі касьмічнай плятформы, паводле зьвестак дзяржаўных СМІ Беларусі ад 27 кастрычніка, плянуюць правесьці сэрыю лякальных выпрабаваньняў і першыя пробныя падключэньні.
Ткач паведаміў, што некалькі прылад перадалі для тэставаньня. Паводле яго словаў, распрацоўка выкарыстоўвае тэхналёгіі, якіх няма нават у Starlink. Якія іменна, ён не ўдакладніў.
Неўзабаве спэцыялістам перададуць новае абсталяваньне, і гэта, паводле словаў чыноўніка, дазволіць наблізіцца да выкарыстаньня спадарожнікавай сувязі і для звычайных беларусаў. Камэрцыйнай паслугай «Сьвітанак» стане толькі пасьля таго, як спадарожнікаў будзе дастаткова.
Ткач сказаў, што абсталяваньне можа выкарыстоўвацца ў МНС. Спадарожнікавая сувязь асабліва карысная пры надзвычайных сытуацыях, напрыклад пры ўрагане, калі парушаецца электразабесьпячэньне.
Для грамадзян, паводле яго словаў, паслуга наўрад ці будзе даступная: спадарожнікавая сувязь даражэйшая за валаконна-аптычную, таму яе хутчэй будуць выкарыстоўваць прадпрымальнікі, якія могуць плаціць крыху болей за звычайную фізычную асобу.
Згодна з аналітычнай даведкай, праект Rassvet ацэньваецца ў 55 мільёнаў даляраў і часткова фінансуецца праз «Банк разьвіцьця» Беларусі. Гэта каля 6.1 даляра на аднаго жыхара краіны.
Украінскае выданьне rbc.ua піша, што адным з інвэстараў стаў банк ВТБ.
Паводле той жа даведкі, абсталяваньне пастаўлялася празь беларускія кампаніі, якія ўдзельнічалі ў пастаўках для расейскага ваенна-прамысловага комплексу. Асноўным пастаўшчыком названа кампанія ТАА «Элемэнтарныя машыны». Сярод іншых узгаданыя «Гомельскі завод станкоў і вузлоў», «Беларускія станкі» і «Гефест». Пастаўкі ўключалі замежныя станкі для павелічэньня выпуску ракет.
Ткач таксама казаў пра ўзаемадзеяньне апэратараў з суседзямі. Апэратары дамаўляюцца пра частоты і ўзроўні, каб не ствараць перашкод, але перашкоды, паводле яго словаў, здараюцца. З Прыбалтыкай і Польшчай, як ён заявіў, праблем няма, з расейскім бокам таксама. З Украінай, паводле яго словаў, працаваць складаней, бо яна не ідзе на кантакт.
Ён прызнаў, што пры напружаных адносінах з суседзямі дамовіцца складаней, але ўсё рэгулюецца міжнародным заканадаўствам. Да канца года, як прагназуе Ткач, ёмістасьць мабільнай сеткі ў краіне вырасьце прыкладна на 30%.
Першы беларускі спадарожнік «БелКА-2» запусьцілі ў ліпені 2012 года для патрэбаў МНС і сельскай гаспадаркі. У студзені 2016 года з кітайскага касмадрома Сычан запусьцілі спадарожнік сувязі «Белінтэрсат-1».
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…