„Крывіч“. № 1. Студзень — красавік 1924 г. Коўна.—Вялікі сшытак дае даволі многа гістарычнага матар'ялу—пераважна кампіляцыю з прац гісторыкаў у чужых мовах, якія зачапляюць мінуўшчыну Беларусі. Цікавы абразок, як „вышэйшая“ польская культура ў Беларусі нішчыла агнём у часы каталіцкае рэакцыі старыя беларускія пісаныя і друкаваныя кнігі. Але найбольш цэнныя зьнімкі з старых слуцкіх і горадзенскіх паясоў, калекцыю якіх „беларуская патрыотка“ княгіня Магдалена Радзівілловая падаравала… літоўскаму музэю ў Коўні! Добра, што хоць з зьнімкаў з іх могуць карыстаць беларусы.
Зварачвае на сябе ўвагу праца праф. Т. Іваноўскага, Ластоўскага і К. Душэўскага „Номэнклятура беларускіх птушак“. Ацэнкай яе павінны заняцца спэцыялісты—знаўцы мовы і прыроды.
Матарыялы да беларускага адраджэнскага руху даюць: К. Езавітаў (Беларуская Вайсковая Цантральная Рада) і Ян з пад Ласосны (Горадзенскі Беларускі Гурток 1913 году—успаміны). З палітыкі адзначым: В. Л—скі. Новы падзел Беларусі, а таксама: Лісткі ў Карону Беларускага Мучаніцтва пад Польшчай.
Канчаецца сшытак сталымі аглядамі беларускага культурнага і грамадзкага жыцьця і „Кнігапісяй“, якая, на жаль, не дае ніякое крытыкі цікавейшых прац у беларускай мове, а толькі іх пералічае.
Не на мейсцу ў паважнай часопісі „паэтыцкія“ спробы В. Ластоўскага—ягоныя „ўзрыгі душы“, вельмі далёкія ад паэзіі і груба-немузыкальныя.
„Перавясла“. № 2. Студзень—красавік 1924 г. Часопіс беларускага паступовага студэнцтва. Прага.
Сымпатычнае ўражаньне робіць імкненьне нашае студэнцкае моладзі да распрацоўкі сваей ідэалёгіі, абасноўваючы яе на здабытых навуковых падставах. З гэтага пагляду зварачае на сябе ўвагу ў першы чарод стацьця „Самамэта ці пабочнае зьявішча“, падпісаная І. Д—н, якая нацыянальнае беларускае адраджэньне разглядае з пункту гледжаньня гістарычнага матэр'ялізму. Далей ідзе праца Т. Грыба: „Аснаўныя падваліны вызвольнай ідэалёгіі беларускай нацыі“, дзе аўтар даводзіць знаную, наагул, тэзу, што беларускі „вызвольны ідэал можа быць толькі працоўны ідэал“, які Т. Грыб разумее, як сацыялістычны, хаця з гэтае працы нельга дагадацца, да якога іменна кірунку сацыялістычнае мысьлі належыць гэты прадстаўнік беларускіх эсэраў. Аддзел ідэалягічных стацей дапаўняюць палітычныя стацьці на бягучыя тэмы.
Паэтычная творчасьць нашых пражскіх студэнтаў прадстаўлена вершамі І. Д., В. Русака, Наля, Ул. Ж., Бялічанкі і радам дробных апавяданьняў Псэўданіма, Фрыца, У. Жылкі, Курыуса, Я, Пыла. Не ўваходзячы ў падробную ацэнку іх, адзначым, як агульную рысу, непадробленую шчырасьць перажываньняў аўтараў і даволі добрае апанаваньне формы. На жаль, з боку мовы можна зрабіць паважныя закіды: сустракаюцца такія калечаньні мовы (асабліва ў стацьці І. Д—на), якія йшчэ могуць быць цярпімы ў штодзенной газэце, але не ў трох-месячніку, дзе ёсьць даволі часу на карэктуру!
Сшытак заканчывае хроніка пражскага беларускага жыцьця.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…