4-га траўня адбыўся ў Лідзе зьезд-веча, на якім прамаўлялі нашы Соймавыя дэпутаты Бр. Тарашкевіч, Сым. Рак-Міхайлоўскі і Ант. Аўсянік. На веча зьехаліся сяляне большасьці гмінаў Лідзкага паветаў.
Таго-ж 4-га траўня адбыўся ў Баранавічах такі самы зьезд-веча, на які зьявіліся прадстаўнікі сялянства Баранавіцкага павету. З прамовамі на вечы выступалі беларускія дэпутаты: Міх. Кахановіч, Вас. Рагуля, Ф. Ярэміч і сэнатар Назарэўскі.
Прадстаўнікі Беларускага Пасольскага Клюбу інфармавалі на гэтых вечах зьехаўшыхся выбаршчыкаў сваіх аб працы сваёй у Сойме, аб тых законах, якія прыняты Соймам, аб немагчымасьці пры ўсіх іх высілках палепшыць долю сялян (зямля, школы, правы і інш.), разважалі справу аўтаноміі для Заходняе Беларусі і г. д.
Гэткія зьезды-вечы, калі яны добра нарыхтаваны, карысны з таго боку, што адначасна інфармуецца ўвесь павет, што мацней і ярчэй выяўляецца беларуская думка, узварушваюцца належным спосабам сацыяльныя пытаньні, асьвятляецца сучаснае становішча Польшчы і палітыка ўрадаў яе да беларускае люднасьці.
4-га траўня адбыўся мітынг у Жыровіцах Слонімскага павету. На гэтым мітынгу выступаў з прамовай сябра Белар. Пас. Клюбу, сэнатар Вяч. Багдановіч. Зацікаўлены справаю лёсу Жыровіцкае царквы, сэнатар зрабіў інтэрвэнцыю ў Слонімскага Старосты, а ў дзень 4/V, як найбольшы знаўца цяжкага становішча праваслаўнае царквы ў Польшчы, зрабіў нараду ў самой Жыровіцкай царкве, дзе абгаварываліся чыста царкоўныя і рэлігійныя справы. Пад вечар таго-ж дня на пляцу ў Жыровіцах сэнатар рабіў сабраўшымся выбаршчыкам (чалав. 300) справаздачу аб працы беларускіх прадстаўнікоў у Сойме і Сэнаце. Пасьля мітынгу сабраў шмат скаргаў і мае асабліва старанна абараняць для крыўджанае праваслаўнае люднасьці Жыровіцкую царкву.
6-га гэтага траўня адбыўся беларускі мітынг у Юраўлянах Сакольскага павету, на якім з прамовай выступіў наш дэпутат Пав. Валожын. Быў сьвяточны дзень для праваслаўнае люднасьці — Юр’я. Народу было ў часе гэтага фэсту да 2.000 асоб. Люднасьць вітала свайго дэпутата, дзякавала за адведзіны і склала яму шмат скаргаў.
6-ж траўня ў дзень праваслаўнага сьвята Юр’я і адначасна Радаўніцы адбыўся ў Жыровіцах Слонімскага пав. шматлюдны беларускі мітынг, дзе выступіў з вялікай праграмовай прамовай наш дэпутат Міх. Кахановіч, выступленьне якога зрабіла вялікае ўражэньне на прысутных.
8-га траўня ў Даўгінаве Вялейскага пав. у часе каталіцкага сьвята, дзе з прычыны фэсту зьехалася шмат народу, адбыўся беларускі мітынг, на якім прамаўлялі дэпутаты Белар. Клюбу кс. Ад. Станкевіч і Ант. Аўсянік. Перад некалькітысячнай грамадой беларускага сялянства першым прамаўляў Аўсянік, а як выступіў пасьля яго кс. Станкевіч з прамовай па пытаньнях аб зямлі, аб роднай школе, аб самаўрадах, дык пешая і конная паліцыя з штыкамі і голымі шаблямі пачала разганяць народ. Абураны народ усё-ж праставаў на мейсцы да канца прамовы дэп. Станкевіча.
Па інтэрвэнцыі дэпутатаў у камэнданта паліцыі былі звольнены некалькі чалавек, заарыштаваных бязпраўна за прысутнасьць на мітынгу.
Справай такога надужыцьця з боку паліцыі і распараджэньняў у гэтым выпадку для яе ад Вялейскага Староства над пасольскай справаздачай мае заняцца Бел. Пас. Клюб у Варшаве.
22-га гэтага траўня мае адбыцца ў Наваградку мітынг-зьезд прадстаўнікоў гмінаў і вёсак Наваградзкага павету. З прамавамі маюць выступіць там дэпутаты В. Рагуля, М. Кахановіч і др.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…