Гісторыя Архівы

Рэзалюцыя Зьезду сялян і работнікаў Баранавіцкага павету

Зьезд у Баранавічах пералічыў дзевяць крыўдаў: раздачу зямлі асаднікам, высечку лясоў, падаткі, закрыцьцё школаў і арышты інтэлігенцыі. Выснова — Беларусі трэба палітычная аўтаномія з уласным Соймам.

Рэзалюцыя Зьезду сялян і работнікаў Баранавіцкага павету

На зьезьдзе ў Баранавічах, аб чым мы пісалі ў № 1 „Сына Беларуса“, прынята гэткая рэзалюцыя:

Зьезд беларускіх сялян і работнікаў Баранавіцкага павету 4. V. 1924 г., заслухаўшы справаздачу паслоў Беларускага Пасольскага Клюбу аб іх працы ў Сойме і Сэнаце і аб палажэньні Беларускай справы ў Польшчы, пастанавіў:

Прымаючы пад увагу ствараўшаеся ў Польшчы для беларускага народу палажэньне, якое выяўляецца ў тым, што:

1) землі беларускія раздаюцца асаднікам, а ня тутэйшаму малазямельнаму і беззямельнаму беларускаму сялянству,

2) лясы беларускія бязлітасна нішчацца і вывозяцца за граніцу, і нават Белавежская пушча ўжо прададзена чужаземцам, а на адбудову зруйнаваных вайною гаспадарак амаль нічога не выдаецца, а ў той самы час

3) на зруйнаванае вайною нашае сялянства накладаюцца непасільныя падаткі,

4) не дапушчаюцца беларускія школы, а зачыняюцца нават і тыя, якія ўжо існавалі падчас нямецкай акупацыі або „Сярэдняй Літвы“, і ў той самы час проці волі народу адчыняюцца польскія школы,

5) пасьледуецца беларуская прэса,

6) пасьледуецца беларуская праваслаўная царква,

7) беларуская інтэлігэнцыя не дапушчаецца амаль ні да якой грамадзянскай і дзяржаўнай працы, ў значным ліку пазбаўлена абыватэльства і знаходзіцца у вастрогах,

8) „крэсовая“ польская адміністрацыя адносіцца да нашага народу з надзвычайнай самаволяй,

9) сучасныя самаўрады ёсьць фальшаваньнем голасу нашага народу, а праэкт новага закону аб самаўрадах яўна імкнецца да такога-ж сфальшаваньня волі Беларускага народу, —

зьезд прызнае, што толькі тады, калі землі беларускія, якія знаходзяцца у межах Польшчы, здабудуць сабе шырокую палітычную аўтаномію, з сваім асобным Соймам, — толькі тады і можна будзе урэгуляваць стасункі на Беларускай тэрыторыі ў Польшчы.

Каментары