Гісторыя Архівы

Гміньныя парадачкі

У Празароках гміну кіруюць пісар-асаднік і некалькі паноў, а ў касе сталі не хапаць 795 мільёнаў. Вінавацяць новага заступніка, але ніхто яму не верыць.

Гміньныя парадачкі

Найлепшай гміны, як наша напэўна німа ў цэлай Польшчы. Кіруе ёю бедны пан Лавэйка, які мае толькі 90 дз. зямлі і пісар Кучэўскі — асаднік. Памагаюць ім чатыры памоцнікі пісара, намесьнік войта і якійсь лаўнік. Плацім мы на гэтых паноў у месяц больш за 2.600.000.000 м., не бяручы ў рахубу стоража, школу, канцылярыю, мэдыцыну і інш. даніны і падаткі. Ну, а яшчэ-ж ёсьць гмінная рада — запытаецеся? Так, ёсьць і кіруе ею яшчэ бяднейшы п. Дубашынскі, які мае 900 дз. зямлі і п. Яцына Пётра—мае 80 дз. Гэтыя два паны што захочуць, то і зробяць з Радаю.

Вось і кіравала гэта сумленная сямейка гмінаю не адзін гадок, ганяла людзей у падводы, брала і накладывала падаткі па свайму разумэньню і жаданьню. Але жбан да пары ваду носіць. Нехта гдесь-ці каму трэба шапнуў аб нядобрым становішчы касы гмінай. Прыехаў інспэктар, пагутарыў з нашымі чынамі, выпіў кусіць кілішак гарэлкі і знайшоўшы, што на паперы грошы ў парадку—паехаў. Але неяк раптоўна наш войт 13 красавіка г. г. спастрог, што ў касе не дастае 795 міл. м. п. Сталі шукаць злодзея. Але дзе там, як зьмяло. Што-ж рабіць? Галоўны апякун нашых грошаў п. Лавэйка ўзваліў віну на свайго заступніка Карнезу, які, як на грэх, нядаўна толькі быў выбраны, дык народ ніяк ня можа даць гэтаму веры. Носяцца чуткі, што п. войту з кампаніяй дужа ня падабаецца, што ў іхнае балота можа уліцца і чыстая вада ў асобе гр. Карнезы, якая вынясе на верх гэтага балота можа не адны 795 мільёнаў м. п., а можа што і іншае.
Дзісянец

Каментары