паслоў з Беларускага Клюбу да п. Старшыні Рады Міністраў у справе невыпаўненьня ўрадам пастановы Соймавае Камісіі дзеля разгляду надужыцьцяў на „Крэсах“ у справе адбудовы разбуранае праваслаўнае царквы ў Новым Дварэ, Сакольскага пав.
21 верасьня 1921 году ў Новым Дварэ, Сакольскага пав., была адабрана ў праваслаўных царква. Зроблена гэта такім спосабам, каторы гвалціў і абражаў рэлігійнае пачуцьцё верных, а іменна:
У сьвята Нарадзін Найсьвяцейшае Дзевы Марыі, у часе сьвятое імшы, у царкву ўварваўся Аляксандар Бацьковскі, паліцыянт з тутэйшага пастэрунку, у шапцы на галаве і з вінтоўкай на плячы і голасна зажадаў спыненьня адправы і выхаду ўсіх з царквы, бо ён павінен зачыніць яе.
Ня гледзячы на просьбы верных не перашкаджаць ім маліцца, паліцыянт цьвёрда дамагаўся выпаўненьня ягонага загаду, і, калі ўсе выйшлі, царква была зачынена.
З увагі на тое, што да найбліжэйшае царквы ад Новага Двара колькінаццаць кілямэтраў, тутэйшае праваслаўнае насяленьне дамагалася адкрыцьця незаконна зачыненае царквы, падаючы адпаведныя жалабы вышэйшай уладзе. Каб зрабіць немагчымым эвэнтуальны зварот царквы праваслаўным, яна была разбурана.
З прычыны такога беззаконьня мясцовае адміністрацыйнае ўлады Соймавая Камісія дзеля разгляду надужыцьцяў на „Крэсах“ прымушана была паехаць на месца дзеля выясьненьня справы. Соймавая Камісія ўстанавіла, што мясцовая ўлада сваім паступаньнем пераступіла свае кампэтэнцыі, учыніла надужыцьце над праваслаўнай люднасьцяй і зусім бяспраўна пазволіла разбурыць царкву,—і дзеля гэтага прыняла адпаведную резалюцыю, заклікаючы ўрад да адбудаваньня на кошт скарбу незаконна разбуранае праваслаўнае царквы ў Новым Дварэ.
Ад дня прыняцьця гэтае рэзалюцыі мінуў ужо год, але справа адбудовы царквы стаіць яшчэ на месцы.
Дзеля вышэйшага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў п. Старшыні Рады Міністраў: 1) чаму ўрад дагэтуль ня выпаўніў рэзалюцыі Соймавае Камісіі ў справе адбудовы царквы ў Новым Дварэ? 2) Ці ўрад маніцца прыступіць да адбудовы разбуранае царквы?
Варшава, 20 чэрвеня 1924 г.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…