паслоў з Беларускага Клюбу і таварышоў да п. міністра ўнутраных спраў у справе алярмуючых публічную апінію вестак, шыраных польскай прэсай у Вільні, аб быццам то ладжанай пад Вільняй літоўскай дэманстрацыі ў часе Зялёных Сьвятаў г. г.
Нацыяналістычная газэта „Dziennik Wileński“, які выходзе ў Вільні, у нумэрох 111 і 112 за 17 і 18 мая г. г. зьмяшчае цэлы рад вельмі алярмуючых і быццам-то праверанных вестак аб тым, што літвіны быццам-то вельмі энэргічна рыхтуюцца ўварвацца ў набліжаючыяся сьвяты праз граніцу ў Вільню пад відам працэсіі багамольцаў. Гэная газэта заклікае ўрад завясьці надзвычайнае палажэньне ў Кальварыі і прыгранічным поясе.
З другога боку зьяўляецца безспрэчным фактам, што спакойнае і набожнае літоўскае насяленьне, якое цяперака знаходзіцца пад польскаю ўладаю, збіраецца штогодным абычаем у часе Зялёных Сьвятаў ісьці з розных ваколіц краю, пяючы літоўскія песьні, на багамольле ў Кальварыю.
Дзеля гэтага алярмы польскае нацыяналістычнае прэсы і закліканьне да ўвядзеньня надзвычайнага палажэньня даюць шырокім масам літоўскага насяленьня аснову думаць, што ў-ва ўсім паднятым алярме йдзе аб тое, каб: 1) недапусьціць набожнае працэсіі літоўскіх багамольцаў у Вільню і Кальварыю і 2) збудзіць проці-літоўскія настрої ў пэўных краёвых і заграничных колах.
З трэцяга боку, на падставе газэтных вестак, дайшло да агульнага ведама, што ўрад даў генаралу Рыдзу-Сьмігламу нейкія паўнамоцтва адміністрацыйнага характару па абшарах Віленшчыны.
З чацьвертага боку, чародная хваля арыштаў захапіла ў застрог цэлую масу палітычных вязьняў.
Усё гэта выклікае зразумелы неспакой сярод насяленьня.
Дзеля гэтага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў пана міністра ўнутраных спраў:
1) Ці вышэйшыя весткі, пададзеныя праз „Dziennik Wileński“, міністэрства афіцыяльна праверыла?
2) Што яно збіраецца ўчыніць у прыпадку, калі-б яны аказаліся абаснаванымі, і ці пацягне да адказу „Dziennik Wileński“ ў прыпадку, калі-б аказаліся фальшывымі, за сьвядомае падбураньне насяленьня?
3) Што маніцца ўчыніць, каб забясьпечыць літоўскім багамольцам, польскім грамадзянам, магчымасьць спакойна адбыць набожную працэсію?
4) Ці запраўды генаралу Рыдзу-Сьмігламу дадзены паўнамоцтвы? Калі так, дык дзеля чаго і якія?
Варшава, дня 27 мая 1924 г.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…