1) Інтэрпэляцыя паслоў Беларускага Клюбу да п. Міністра Унутраных Спраў у справе біцьця паліцыяй арыштаваных сялян Яна і Зьмітра Дыдышко, сялян з в. Ліпск, Крывошынскае гміны, Баранавіцкага пав.
У першых днях месяца красавіка г. г. сяляне вёскі Ліпск (Крывошынскае гміны, Баранавіцкага пав.) і жыхары другіх акалічных вёсак зьявіліся ў кантору купца Цырынскага ў Крывошыне па належныя ім за працу грошы.
З прычыны таго, што кантора адмовілася выплаціць грошы, а служачыя пачалі паступаць абразьліва ў адносінах да крэдытораў, заінтарэсаваныя сяляне пачалі пратэставаць проці такіх адносінаў да іх дамаганьняў. Тады прыбыла сюды аружная паліцыя і пачала біць людзей. Разганяючы гэтак сялян, арыштавалі Яна і Зьмітра Дыдышко, завялі на „постэрунак“, дзе ў поўначы іх страшэнна пабілі, і пасадзілі пад арышт.
Пасьля двохдзённага арышту іх пераслалі ў Баранавічы, дзе дзяржалі пад арыштам 3 дні; стуль павязьлі ў вастрог у Слонім. Цераз тры дні арыштаваных выпусьцілі з вастрогу.
Пазываючыся на сьведкаў, а іменна: Канстантына Малевіча, які гэтак сама быў пабіты, а такжа Мацьвея Мажэйку, Аляксандра Бурбіцкага, Марку Бацкалевіча і іншых з вёсак Ліпск, Залужжа і Заліпені, ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў Пана Міністра:
1) Ці вядома яму аб вышэйсказаных беззаконьнях паліцыі?
2) Ці зьбіраецца ён правясьці сьледзтва, каб пакараць паліцыю за біцьцё арыштаваных і неканстытуцыйнае пазбаўленьне свабоды грамадзян беларусаў?
Варшава, дня 20 мая 1924 г.
Інтэрпэлянты.
2) Інтэрпэляцыя паслоў з Беларускага Клюбу да П. Міністра Унутраных спраў у справе звальненьня з вастрогу Міхала Кісяля, жыхара вёскі Малыя Міцкевічы, Ланьскае гміны, Нясьвіскага павету.
Самавольнае гаспадараваньне старастаў на беларускіх землях даходзіць ня раз да абсурдаў. Вось, нясьвіжскі староста пазбавіў свабоды і пасадзіў у вастрог на 1 год 70-гадовага беларуса, які, з увагі на гэткія старыя гады, ня мог ужо думаць аб укрываньні аружжа, а толькі аб спакойнай сьмерці… Аднак староста, зусім ня лічучыся з духовым станам старога, садзіць яго бязьвіннага ў вастрог, выяўляючы гэтак нястачу здаровага розуму — нястачу адпаведнае культуры, якімі то рысамі павінен адзначацца кожны з вышэйшых урадоўцаў.
Ніжэй прыводзім зьмест просьбы, пададзенай у Сойм Міхалам Кісялём, з в. Малыя Міцкевічы, Ланьскае гміны, Нясьвіжскага павету:
„У 1923 годзе, верасьня 18 дня, каманда дзяржаўнае паліцыі нясьвіжскага павету прыехала ў месца майго жыцьця, шукаючы майго сына Яна, каторы выйшаў зпад маёй бацькаўскай апекі, як дарослы, і дзе знаходзіцца цяпер, мне невядома. На гэтай аснове паліцыя зрабіла ў мяне обыск у гаспадарскіх будоўлях, а іменна: ў жылой хаце ўзарвалі падлогу, паразьбівалі печы і шмат рэчаў паглумілі, пасьля з пуні выкінулі ўсенькае збожжа, сена і т. д., зрабілі мне многа шкоды, робячы гэтак маё жыцьцё на пяцёх маргох крытычным. У маім садзе стаялі вульлі (калоды) ў працягу даўжэйшага часу на адным месцы, і адзін з паліцыі сказаў, што гэтае знойдзецца пад стрэхай вульлёў, і запраўды знайшлі дзьве вінтоўкі расейскае сыстэмы, аб якіх ані я, ані ніхто з сям'і ня ведаў. Вінтоўкі былі зусім нягодныя, іржавыя. Вядома, што наша мяйсцовасьць была месцам вайны і надлягала рознай уладзе, дык адны перад другімі ўкрывалі аружжа. На гэтай аснове мяне арыштавалі, і нясьвіжскае староства прысудзіла мне год вастрогу. А я чалавек пажылы, ў канцы жыцьця, маючы 70 гадоў ад нараджэньня і засуджаны бязьлітасна бяз віны. Пададзеная ў Наваградзкае Ваяводзтва скарга мая ня ўважана. Цяпер пакутую бязьвінна ў вастрозе ў Нясьвіжы больш за чатыры месяцы. Вось-жа маю гонар прасіць Уставадаўчы Сойм Польскай Рэчыпаспалітай, з увагі на маю нявіноўнасьць і старыя гады, звольніць мяне з вастрогу, каб я мог памерці ў роднай хаце сваей“.
Дзеля вышэйсказанага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў Пана Міністра: 1) ці вядома яму аб вышэйшым? 2) ці ён маніцца разсьледаваць справу і звольніць з вастрогу 70-гадовага старца?
Варшава, 20 мая 1924 г.
Інтэрпэлянты.
3) Інтэрпэляцыя пасла Ф. Ярэміча і тав. з Беларускага Клюбу да п. Міністра Справядлівасьці ў справе біцьця арыштаваных Сымона Грыгаса і Яна Круша і зацягіваньня судовага сьледзтва больш, як па 20 месяцаў.
1) 25 жніўня 1922 году дзяржаўнай паліцыяй быў арыштаваны Сымон Грыгас, жыхар в. Даржэлі, Марцінканскае гміны, Горадзенскага пав., і страшэнным спосабам скатаваны. Біцьцём і катаваньнем яму зроблены раны на галаве, з якіх лілася кроў. Значная ўтрата крыві і мукі зрабілі тое, што катаванаму пагражала мучаніцкая сьмерць; баючыся апошняе, паліцыя прымусіла яго піць нейкую жыжку, ад якое нешчасьлівы папаў у стан вар'яцтва. Пасьля таго, як паліцыя ўчыніла гэты крымінал, арыштаванага пасадзілі ў вастрог у Горадні, дзе ён знаходзіцца дагэтуль. Сьледзтва вядзецца больш 20 месяцаў і яшчэ не закончана.
2) Другі арыштаваны Ян Круш (вёска Купінішкі, Марцінканскае гміны, Горадзенскага павету) быў таксама пабіты паліцыяй з м. Друскенікі, сядзіць у вастрозе ў Горадні і дагэтуль не атрымаў акту абвінавачаньня.
Пазываючыся на сьведкаў: Казіміра Грыка, Юльяна Мазюкаса, Пётру Валентукевіча, Казіміра Мішкініса з вёскі Даржэлі і Віктара Валентукевіча, Ст. Артяніса, Адама Круса, Яна Каўсу і іншых з вёскі Капінішкі, ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў п. Міністра: 1) ці вядома яму аб вышэйшым? 2) ці зьбіраецца ён распачаць сьледзтва дзеля пакараньня паліцыі за зьдзекі над арыштаванымі? 3) ці зьбіраецца прыспешыць канец сьледзтва ў справе арыштаваных, якія даўжэйшы час знаходзяцца ў вастрогах?
Варшава, 20 мая 1924 г.
Інтэрпэлянты.
4) Інтэрпэляцыя паслоў з Беларускага Клюбу да П. Міністра Справядлівасьці і П. Міністра Унутраных спраў—у справе неаддачы пад суд дзяржаўнае паліцыі за катаваньне Трахіма Русецкага, селяніна в. Залесьсе Жыровіцкай гміны, Слонімскага пав.
У месяцы сакавіку 1924 году быў арыштаваны Трахім Русецкі, селянін з в. Залесьсе Жыровіцкае гміны, Слонімскага пав., і прывезены на пастэрунак дзяржаўнае паліцыі ў Жыровіцах, дзе камандант паліцыі (Кендэрскі) і два паліцэйскія пачалі страшэнна катаваць яго. Зьдзекі над нявінным і мукі пачаліся ў 12 гадз. ночы. Сам камандант паліцыі налёг на галаву катаванаму і пры помачы коўдраў не даваў яму крычаць, пад той час, як другія паліцэйскія білі нешчаснага палкамі ў пяткі аж да ўтраты ім прытомнасьці. Пасьля цуцілі яго вадой і ганялі па зямлі, як сабаку, каб зрабіць яму вялікшы боль, стаўляючы зраненыя ногі на падлозе. Пасьля гэтага злачынства аддалі арыштабанага назаўтра ў веданьне сьледчага судзьдзі, каторы ўраз-жа звольніў незаконна арыштаванага Т. Русецкага і абяцаўся распачаць дзела проці паліцыі за ўчыненьне гвалту і мардаваньня. Аднак, мінуў год ад дня злачынства, а судовая справа ня скранулася з месца.
Такія каманданты паліцыі і паліцэйскія, якія ўчынілі нячуванае ў гісторыі культуры і цывілізацыі барбарства, астаецца пад апекай і абаронай мундзіра публічнага бесьпячэнства ў Польшчы і пазваляюць сабе далей займацца садызмам, абапёртым на ненавісьці да мясцовага насяленьня. Даводзяць гэтае факты катаваньня беларусаў ня толькі ў мінулыя гады, але і сёлета. Адносныя інтэрпэляцыі Беларускага Клюбу кажуць, што 28 сакавіка 1924 году былі скатаваны паліцыяй Б. Кедыш, Ул. Севасьцяновіч і І. Ленкевіч у м. Кузьніцы, Сакольскага пав., і 24—27 сакавіка 1924 г. былі окатаваны ў м. Нясьвіжы: Андрэй Калесьнік, Ст. Дрозд і Лашук, а таксама іншыя.
Пазываючыся на сьведкаў у справе катаваньня Т. Русецкага, а іменна: І. Міхальчука, Язэпа Русецкага і інш. жыхароў в. Залесьсе, ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў п. п. Міністраў: 1) ці вядома ім, што паліцыя не аддадзена пад суд за ўчыненьне праступку катаваньня Т. Русецкага? 2) ці маняцца правясьці ў гэтай справе сьледзтва і вінных у злачынстве паставіць у стан абвінавачаньня?
Варшава, 20 мая 1924 г.
Інтэрпэлянты.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…