Гісторыя Архівы

Пагроза польскай школе

Бо ўрад пераклаў кошты школ на гміны, а сяляне ня хочуць даваць на польскую школу, польская прэса сама прызнае пагрозу яе істнаваньню. Газэта радзіць сялянам скласьціся на ўласную, беларускую.

Пагроза польскай школе

Віленскія польскія газэты ўсіх кірункаў друкуюць цікавыя весткі аб пагрозе істнаваньню ў нас на вёсках польскіх народных школ.

Справа ў тым, што гэныя школы заведзены ў нас прымусова — супраць волі беларускага насяленьня, якое дарэмна дабівалася школы ў сваей роднай мове. Вось-жа, пакуль іх утрымліваў польскі ўрад, усё было добра, і нам вядомы факты, што істнавалі нават такія польскія школы, куды хадзілі па пяцёх, трох вучняў, а то і зусім ніхто ня вучыўся. З гэтае прычыны шмат дзе беларускіх дзяцей пачалі гвалтам прымушаць хадзіць у польскую школу, штрафуючы вельмі цяжка непаслухмяных бацькоў. Але цяпер і гэта не паможа! Бо ў сувязі з рэформай польскіх фінансаў урад пераложыў кошты ўтрыманьня школ на самаўрады. Самаўрады-ж і без таго перагружаны падаткамі, і вясковыя гміны пры ўкладаньні бюджэтаў на другое паўгодзьдзе г. г. ня могуць знайсьці крыніц дзеля пакрыцьця выдаткаў на школы. Самахоць-жа народ даваць складку на польскую школу, як сцьвярджаюць польскія газэты, ня мае ніякае ахворы.

Дарогай дабравольных ахвяр — піша „Słowo“ і „Dzien. Wil.“ — школы маглі-бы ўтрымацца толькі ў тых нячысьленых мясцовасьцях, дзе вучыцель здабыў сабе ў бацькоў вучняў асабліва прызнаньне і пашану.

Зусім справядліва, што такіх мясцовасьцей вельмі мала, а мо’ і зусім няма. І гэтай сваей заявай польскія газэты толькі пацьвярдзілі вядомы ўсім беларусам факт, што наш народ ня хоча польскае школы, што ён дамагаецца сваей, беларускай.

Але з гэтага беларускае сялянства павінна зрабіць свой вывад. Раз школа можа ў нас істнаваць толькі з самахвотных складак, дык няхай сяляне робяць адпаведныя зборы на такую школу, якая ім патрэбна, значыць, на беларускую. І ўжо няма патрэбы ў такіх прыпадках прасіць, каб школа была ўрадовая, „казённая“: даволі прасіць аб пазваленьне на прыватную беларускую школу, ці зварачацца да Беларускае Цантральнае Школьнае Рады, каб яна адчыніла школу на сваё імя, але на кошт сялян — бацькоў вучашчыхся.

Такім парадкам для беларускае школы пагрозы няма: пагроза істнуе толькі для нялюбае народу, непажаданае і прымусовае школы ў чужой мове.

Каментары