Старшыня Беларускага Пасольскага Клюбу паслаў вядомаму францускаму дзеячу Пэнлевэ, падпісаўшаму пратэст проці „белага тэрору“ ў Польшчы, гэткае пісьмо:
У той мамэнт, калі Заходняя Беларусь, адарваная Рыжскім Трактатам ад сваей Маткі, надарэмна дабівалася праз сваіх прадстаўнікоў у польскім Сойме і Сэнаце сваіх патаптаных элементарных правоў, мы з аблягчэньнем пачулі голас пратэсту проці істнуючага ў Польшчы белага тэрору,—пратэст, пад якім не вагаліся падпісацца найбольш сьветлыя прадстаўнікі сучаснае Францыі.
Ад імя Беларускага Народу і яго парляманцкага прадстаўніцтва ў Сойме і Сэнаце Польскае Рэспублікі лічу сваім пачэсным абавязкам выказаць Вам і Вашым калегам, Пане Пасол, нашу глыбокую ўдзячнасць і высокае прызнаньне за гэты так шляхотны одрух людзкага ўчуцьця.
Пры гэтай нагодзе я пазваляю сабе пераслаць Вам, Пане Пасол, найшчырэйшыя павіншаваньні з прычыны Вашай і Вашых палітычных прыяцеляў перамогі на парляманцкіх выбарах, а таксама выказаць перакананьне, што Францыя, ідучы шляхам сваіх высокіх ідэалаў Вялікае Рэвалюцыі, на дзеле захоча падтрымаць справядлівыя імкненьні Беларускага Народу да ўладжаньня сваей долі згодна з воляй сваей.
Прыміце, Пане Пасол, словы шчырага шацунку і паважаньня.
(—) Базыль Рагуля, Старшыня Беларускага Пасольскага Клюбу ў Сойме і Сэнаце Польскае Рэспублікі, Пасол на Сойм.
Варшава, 28 мая 1924 г.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…