Гісторыя Архівы

Пастанова прэзідыуму Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні

Віленскі Беларускі Нацыянальны Камітэт абвесьціў самазванцамі тых, хто ад імя беларускіх работнікаў выступаў у Парыжы, Лёндане і Вашынгтоне супраць французскага пратэсту аб „белым тэроры“.

Пастанова прэзідыуму Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні

Пазнаёміўшыся ў паседжаньні сваім 26. V. 24 г. з пратэстам французскіх грамадзкіх дзеячоў проці белага тэрору ў Польшчы, а таксама выслухаўшы інфармацыі аб выступленьнях самазванных прадстаўнікоў беларускіх работнікаў перад урадамі Францыі. Англіі і Амэрыкі проці гэтага пратэсту, — прэзідыум Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, які злучае ў сабе прадстаўнікоў усіх беларускіх партыяў і арганізацыяў, сьцьвярджае, што асобы, якія прыймалі ўчасьце ў дэлегацыі да п. Пуанкарэ, а таксама ангельскага і амэрыканскага паслоў у Парыжы ад імя беларускіх работнікаў, дэмэнтуючы факты, паказаныя ў памянёным пратэсьце, зьяўляюцца самазванцамі, нічога супольнага з беларускімі работнікамі і беларускімі работніцкімі арганізацыямі ня маюць і выказываюць выключна свае асабістыя погляды, рэзка супярэчныя з запраўдным палажэньнем беларусаў у Польскай Рэспубліцы.

Прэзідыум Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні горача пратэстуе проці містыфікатараў і іх інспіратараў, якія хочуць аслабіць уражаньне высока гуманітарнага выступленьня французскіх дзеячоў у абарону уцісканага беларускага насяленьня ў Польшчы.

Каментары