Высокі Сойме! Справа праваслаўнае царквы ў Весялусе—не адзінокая ў гэтым родзе справа аб адьбіраньні цэркваў у праваслаўных, а падобных спраў маем сотні. Усе царкоўныя справы, узяўшы разам, добра характэрызуюць адносіны Польскага ўраду да рэлігійных меньшасьцяў, а таксама атмасфэру, якая стварылася дзякуючы гэтым адносінам. Разглядаючы падобныя справы, няма ведама, чаму трэба больш дзівіцца: ці цярплівасьці беларускага і ўкраінскага народаў, ці ўпорству ўраду, пазбаўленага усякага рассудку, які канешне стараецца давясьці, што мае грамадзян двух сартоў, і што канстытуцыя адносіцца толькі да першага сорту.
Весялуская царква знаходзіцца ў Дунілавіцкім павеце, у Віленшчыне. Сталых парахвіян царква мае 2.600 душ, ды 700 душ далучаных з Стара-Мядзельскае парахвіі, у якой таксама забрана царква,— значыць, усяго мае звыш 3.300 душ. Памянёная царква была пабудавана ў 1728 годзе і ў-ва ўсіх актах азначана, як грэцка-праваслаўная; у нейкім часе была яна уніяцкай, ды пасьля разам з усёй парахвіяй зноў перайшла на праваслаўе. У найближэйшых да Весялускае царквы ваколіцах ёсьць некалькі касьцёлаў: у Дунілавічах, Старым Мядзёле, Груздове, Жосьні,—якія ня толькі могуць здаволіць патрэбы тутэйшага рымска-каталіцкага насяленьня, але нават зьяўляюцца лішнімі, бо, прыкладам, касьцёл у Жосьні, у 2 кілямэтрах ад Весялухі, стаіць бязчынны. Як бы там ні было, тутэйшае рымска-каталіцкае і праваслаўнае насяленьне дагэтуль жыло ў згодзе і ніколі не распачала-бы гэтае справы, якая распачата рознымі прыблудамі і тутэйшымі паляками-абшарнікамі дзеля палянізацыйных мэтаў, ды іх стараньні падтрымала ўрадовая ўлада. Вынікам гэтых стараньняў ёсьць тое, што загадам міністэрства рэлігійных вызнаньняў і публічнае асьветы з 14 сьнежня 1923 году праваслаўная царква ў вёсцы Весялусе аддадзена каталіцкай людасьці. За падставу дзеля гэтага загаду міністэрства служаць: 1) што царква гэная была ў сваім часе грэцка-уніяцкай; 2) што была адабрана ў уніятаў у 1831—34 г. г.; 3) што царква для праваслаўных непатрэбна, і 4) што царква канешне патрэбна для рымска-каталіцкае людносьці, якая быццам-то ня мае свайго касьцёлу. З гэтае прычыны дэлегацыя парахвіянаў у прысутнасьці пасла на Сойм Кахановіча і сэнатара Багдановіча зьвярнулася да міністэрства рэлігійных вызнаньняў з пратэстам проці адабраньня ў праваслаўных гэтае царквы, абасноўваючы свой пратэст тым, што: 1) няма ніякага уставу ані іншага закону, на якім мог-бы быць абаперты гэты ўчынак; 2) што згодна з загадам камісара Усходніх Зямель з 22 кастрычніка 1919 году усе грэцка-уніяцкія царквы, якія знаходзяцца ў валаданьні праваслаўных, не падлягаюць адбіраньню; 3) што ўсе падставы да гэтага ўчынку, паміма таго, што царква ў сваім часе была грэцка-уніяцкай—неўласьцівыя і не адпавядаюць фактычнаму палажэньню справы,—што ўсе даныя, на якіх абаперта пастанова міністэрства, а іменна адносна да лічэбнасьці праваслаўнага і рымска-каталіцкага насяленьня, адлежнасьці царквы ад суседніх касьцёлаў і цэркваў, гістарычных лёсаў гэтае царквы і г. д.—зусім назгодны з праўдай, дзеля чаго п. міністра ўвялі ў абмылку; 4) што разам з царквой павінна быць адабрана зямля, агарод і будоўлі, сярод якіх ёсьць і такія, што прадстаўляюць асабістую маемасьць пробашча; 5) што сьледзтва ў гэтай справе было ведзена тэндэнцыйна толькі сярод рымска-каталіцкае людаасьці; 6) што праўдзівасьць сваіх даных парахвіяне могуць давясьці дакумэнтамі ад 200 гадоў і больш, якія знаходзяцца пры царкве і ў кансысторыі,—і прасіла, каб п. міністар: 1) нанова разглядзеў гэту справу, бяручы пад увагу прадстаўленыя праваслаўнымі даныя, і 2) каб да часу новага разгляду гэтае справы адлажыць фактычнае адабраньне царквы.—Дырэктар дэпартаманту рэлігійных вызнаньняў, п. Пекарскі, які прыймаў дэлегацыю ад імя і па даручэньню пана міністра, абяцаўся споўніць гэту просьбу, разглядзець справу нанова, а пакуль-што, з прычыны наступленьня за 4—5 дзён тэрміну адабраньня царквы, загадаць тэлеграмай, каб ад адабраньня царквы устрымаліся. Ня гледзячы на гэта, гэткі загад ня быў зроблены, і царква была забрана 12 лютага г. г. Пры забіраньні гэтае царквы былі забраны царкоўныя рэчы, а іменна некаторыя абразы, званы і г. д. Разам з царквой забрана царкоўная зямля і будоўлі, якія прадстаўляюць асабістую маемасьць праваслаўнага пробашча. Забралі часьць дому, ў якім жыў гэты пробашч, для рымска-каталіцкага ксяндза, пагражаючы ў хуткім часе выселеньнем праваслаўнага пробашча з кватэры.
Вышэйпамянёныя акалічнасьці паказуюць, што заява ўраду аб дачэснай перадачы царквы ні ў якім прыпадку не апраўдывае ягоных учынкаў. Калі сам урад у асобе свайго прадстаўніка, п. Пекарскага, недацэніваючы даверыя народу, не сароміцца ламаць свае слова, дык мы просім Сойм, каб сваей пастановай не падрываў сваей павагі, і просім аб рэч вельмі малую—аб драбок справядлівасьці: аб вызначэньне соймавае камісіі дзеля разгляду справы адабраньня праваслаўнае царквы ў Весялусе. Няўжо-ж і гэтая справядлівасьць будзе адмоўлена беларускаму народу? Просім аб прызнаньне сьпешнасьці прапазіцыі.
Сьпешнасьць адкінута.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…