Гісторыя Архівы

Старая сыстэма

Урад абяцае крэсам „аздараўленьне“, але на справе павялічвае паліцыю, зацягвае войска ў дапамогу адміністрацыі і рыхтуе расейскую партыю, каб расколаць беларускі рух. Аўтар упэўнены, што масавы рух народу ўжо ніхто не спыніць.

Старая сыстэма

Дзеля рэклямы перад Эўропай пускаюцца ў прэсу „неафіцыяльныя“ весткі аб урадовых праектах „аздараўленьня“ адносінаў на „Крэсах“. Ведама, на першым месцы, як чытаем у кракаўскай кансэрватыўнай газэце „Czas“, стаіць справа павялічэньня лічбы паліцыі на „Крэсах“ — так, каб на кожны кілямэтр выпадаў адзін паліцэйскі. І, не чакаючы канца нарад камісіі да крэсавых спраў, урад ужо даў прыказ генаралу Рыдзу-Сьмігламу, каб даваў адміністрацыі ў помач войска ў трох беларускіх ваяводзтвах: Беластоцкім, Наваградзкім і ў Віленшчыне.

Узмоцніўшы і без таго цяжкую руку нашае адміністрацыі, урад маніцца даць беларускаму насяленьню Заходняе Беларусі права дамагацца для сябе школаў у роднай мове, адпаведна да ўстаноўленага ўрадам працэнту людзей, ужываючых беларускае мовы. Ну, тут дык нічога новага няма: гэтае самае „права“ дае нам канстытуцыя, але ніводзін школьны інспэктар дагэтуль нашых дамаганьняў не здаваляў, і можна сьмела сказаць, што прывучаная ўжо да такога трактаваньня нашага права школьная адміністрацыя і далей будзе аднасіцца да яго так, як адносіцца цяпер.

Урэшце, праект ураду абыймае справы праваслаўнае царквы. Мае быць устаноўлена, каб адна праваслаўная парахвія мела ад 3 да 5 тысяч душ—з тым, каб хадзіць у царкву было ня больш, як за 7 — 10 кілямэтраў. Устаноўлены і плян рэарганізацыі праваслаўнае духоўнае сэмінарыі ў Вільні: яна будзе складацца з васьмёх клясаў гімназіі і дзьвюх клясаў тэалёгічных. Але, як мы ўжо паведамлялі ў папярэднім нумары нашае газэты, навука ў сэмінарыі будзе вясьціся па польску, ня гледзячы на тое, што ў ёй будуць вучыцца беларусы, і што яна мае ўзгадоўваць сьвяшчэнікаў дзеля працы сярод беларусаў.

Вось, і ўсе „дабрадзействы“, якіх можна спадзявацца ад польскага ўраду. Ведама, сам п. Грабскі дужа добра разумее, што такія „рэформы“ абсалютна ня могуць здаволіць беларусаў. І вось, адначасна з паўтараньнем дзеля Эўропы ўтраціўшых ужо даўно ўсякую цану пекных слоў польскае канстытуцы (пекных—на паперы, але ня ў жыцьці!), у урадовых кругох абдумываюцца пляны, як-бы ўсадзіць беларусам нож у сьпіну і разьбіць нашыя культурныя сілы. Работай у гэтым кірунку, як нас паведамляюць, кіруюць сфэры, блізкія да міністэрства ўнутраных спраў. Тутака нарадзілася ідэя ўжыць у адносінах да беларусаў старую палітычную сыстэму: „divide et impera“ (дзялі і пануй). Ведаючы, што даволі многа беларускае інтэлігенцыі вырасла ў расейскай культуры і толькі цяпер варочаецца да свайго народу, аўтары праекту надумалі распачаць сярод яе агітацыю ў духу „русской народности“, і дзеля гэтага йдзе падгатоўка адумыснае расейскае партыі, якой маюць быць асыгнаваны вялікія грошы на „работу“ і на выдаваньне расейскае газэты ў Берасьці ці ў Вільні. Да гэтае партыі маюць быць прыцягнены ў першы чарод праваслаўныя сьвяшчэнікі-расейцы, якім за гэта суляць усе грамадзянскія правы—„абыватэльства“ і т. п. Партыя мае разьвіць энэргічную дзейнасьць у кірунку адрываньня ад беларускага руху інтэлігентаў, па свайму ўзгадаваньню блізкіх да расейскае культуры.

Гэтыя весткі тлумачаць нам некаторыя паступкі віленскае адміністрацыі, на першы пагляд зусім незразумелыя. Здаецца, якое дзела ўладзе да таго, што Віленская Беларуская Гімназія ў лічбе канцэртаў, ладжаных у сваей салі на карысьць незаможных вучняў, манілася адзін пасьвяціць спэцыяльна расейскай музыцы? А вось-жа аказалася, што нашым адміністратарам гэты акт пашаны да культуры братняга славянскага народу прыйшоўся не да спадобы, і п. Вімбор забараніў уладзіць гэты канцэрт. У сувязі-ж з плянам, які маніцца пасварыць беларусаў расейскае культуры з агульна-нацыянальным беларускім рухам, гэты крок пана камісара ўраду атрымлівае поўнае высьвятленьне…

Аднак, мы думаем, што мяркаваньні „высокіх сфэраў“ аслабіць беларускія сілы дарогай тварэньня „расейскае партыі“ скончацца так, як скончылася ў часе выбараў у сойм і сэнат бэльвэдэрская арганізацыя сьпіску № 22. І там прыцягіваліся праваслаўныя сьвяшчэнікі—былі нават два архірэі! І тады п. Пілсудскі ў Наваградку карміў абедам валасных старшын, а ягоныя падручныя стараліся настроіць іх проці сялянства, якое йшло масай за клічам Беларускага Нацыянальнага Камітэту. Але і там скончылася ўсё вялікай кампрамітацыяй п. Пілсудскага і ягоных кандыдатаў у паслы: ніводзін з іх у сойм не папаў! Да таго-ж, трэба думаць, сярод тутэйшых нячысьленых ідэйных прадстаўнікоў расейскае нацыянальнасьці ня шмат знойдзецца такіх наіўных, каторыя верылі-бы, што, выкарыстаўшы расейскі элемэнт дзеля барацьбы з беларусамі, „паны палажэньня“ будуць і далей спагадаць і гадаваць у сябе расейцаў, калі тыя ня стануцца „добрымі палякамі“. „Расейская партыя“ можа разьлічаць толькі на людзей наёмных, на тыя падонкі расейскага грамадзянства, што за грошы гатовы служыць кожнаму, хто добра заплоціць; а такія людзі ня страшны!

Дый мінуліся ўжо даўно тыя часы, калі беларускі рух прадстаўляла адно маленячкая жменя ідэалістаў-інтэлігентаў. Цяпер ужо не інтэлігенцыя, хоць і дайшоўшая значнае лічбы, але самая сялянская маса загаварыла аб сабе. Цяпер беларускі рух—гэта рух масавы, гэта імкненьне нашага працоўнага народу вёсак і мест да волі і шчасьця. І такога руху, такога імкненьня ўжо нікому „не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!“

Каментары