Гісторыя Архівы

Вялікі народны сход у Слоніме

У Слоніме сабралася каля паўтары тысячы сялян, каб выслухаць беларускіх паслоў. Сход прыняў рэзалюцыю з дамаганьнямі зямлі, школы, ніжэйшых падаткаў і новых выбараў.

Вялікі народны сход у Слоніме

На прошлым тыдні у Слоніме адбыўся першы вялікі мітынг беларускіх паслоў. Вялікая заля Народнага Дому была перапоўнена народам, які, ня зьмесьціўшыся у залі, кругом аблягаў дом. Прамаўлялі Паслы Тарашкевіч, Рагуля і Валошын. Азнаёміўшы сход з праграмай беларускага пасольскага клюбу, яны расказалі, што цяпер дзеецца у сойме, аб чым там радзяць і гавораць. Народ, выслухаўчы справаздачы паслоў, прыняў такую рэзалюцыю:

Дамагаючыся скарэйшага правядзеньня зямельнай рэформы на аснове разьдзелу зямлі бяз выкупу і скасаваньня асадніцтва;

дамагаючыся родной беларускай школы;

дамагаючыся спыненьня бязпраўя і гвалтаў над праваслаўнай царквой;

дамагаючыся абніжэньня падаткаў;

дамагаючыся запраўднай помачы ў адбудове Краю;

дамагаючыся палягчэньня ў карыстаньні лясамі і пашай;

дамагаючыся роспуску сойму і вызначэньня новых выбараў;

дамагаючыся на беларускіх землях свайго права і сваіх парадкаў, парадкаў працоўнага народу,—

мы, прадстаўнікі розных валасьцей Слонімскага павету, сабраўшыся на сходзе ў ліку больш 1500 чалавек, пастанавілі пацьвярдзіць і падтрымаць праграму і работу беларускага Пасольскага Клюбу.

Пасьля сходу паслы прымалі ад сялян розныя скаргі і давалі ім рады.

Настрой сходу быў вельмі высокі. Прамоваў слухалі з энтузіязмам. Вясковыя дзяўчаты падалі паслом вялізарны букет, пераважна з чырвоных красак.

Каментары