Ня маючы часу на грунтоўную, ўсебаковую і сыстэматычную працу па высьвятленьню палажэньня беларускае нацыянальнае меншасьці ў Латвіі, але разам з тым адчуваючы вялікую патрэбу ў адпаведнай інфармацыі аб нашым жыцьцю тутака, — даю я беларускаму грамадзянству рад кароценькіх нарысаў на розных пытаньнях, якія часам будуць падобны да хронікерскае заметкі, часам разьвернуцца да цэльнае стацьці.
Буду дужа ўсьцешаны, калі вызаву абмен думак і запытаньні. З вялікай прыемнасьцю адкажу і на асабістыя лісты.
I.
Радавая Беларусь і Латвія.
Весткі аб пашырэньні тэрыторыі Радавае Беларусі і далучэньні да яе Вітабшчыны і Магілёўшчыны вельмі ўсьцешылі ўсіх шчырых прыхільнікаў беларускага нацыянальнага адраджэньня, бо ў факце гэтым латыскія грамадзкія дзеячы ўбачылі новую праяву і доказ абуджэньня нацыянальнае сьвядомасьці беларускага народу, нават у тэй яго частцы, якая, з іх пункту гледжаньня, была безнадзейна зрусіфіцыравана маскалямі.
Утварэньне 4-х мільённай Беларускай Дзяржавы з абшарам 100.000 кв. вёрст ацэніваецца імі, як факт аканчальнае перамогі ў беларускім руху дзяржаўна-незалежніцкае ідэі.
Але побач з гэтай шчырай уцехай найбольш далёкабачных палітыкаў, у некаторых шавіністычна-блізарукіх палітыканаў зьявіўся і перапалох:
„Як будзе ставіцца Радавая Беларусь да Латвіі?“.
„Ці не захоча яна адарваць ад Латвіі Латгалію, у якой жыве даволі значны лік беларусаў?“.
„Як глядзяць на пашырэньне Радавае Беларусі мяйсцовыя беларускія элемэнты?“.
„Ці не зьявіліся ў іх процідзяржаўныя думкі?“.
Гэта частка латвійскага грамадзянства пачала пільна прыглядацца да паасобных беларускіх дзеячоў і прыслухоўвацца да гутарак беларускага сялянства ў прырубежнай частцы Латгаліі.
Беларусы ў Латвіі, да апошняга моманту, вялі толькі культурна-прасьветную працу.
Палітыка і эканамічная праца аставаліся з боку, бо не хапала сьвядомых працаўнікоў нават на тое, каб замясьціць усе вакантныя пасады вучыцялёў сярэдніх беларускіх школ, для чаго прыходзілася выпісываць працаўнікоў з-за межаў Латвіі.
Адсутнасьць беларускае палітычнае працы, адсутнасьць палітычных групіровак і партый у беларускай нацыянальнай меншасьці зрабіла тое, што ніводны беларускі культурна-прасьветны дзеяч ня мае ў вачох латвійскіх палітыкаў пэўна акрэсьленага палітычнага твару.
З гэтага поваду аб кожным з беларускіх дзеячоў у Латвіі пачаліся дагадкі, спраўкі, асьведамленьні і высьвятленьні.
Старыя ворагі беларускае нацыянальнае меншасьці ў Латвіі (з расейскіх і польскіх колаў) выкарысталі гэты момант для „дружественных указаний“.
Людзі, будуючыя сабе кар’еру ў рожных „охранных“ і „сыскных“ установах, з энэргіяй, дастойнай іх прафэсіі, кінуліся па новаму „сьледу“, шукаючы здарэньня што-кольвек „адкрыць“, „адшукаць“, „давесьці“.
Ну, зразумела, каля беларусаў у Латвіі павінен быў зрабіцца „бум“.
І ён зрабіўся.
Вось ужо з месяц беларусы маюць гонар штодня даведывацца аб сабе з латвійскае і расейскае прэсы рожныя цікавыя нябыліцы.
Найбольш „усердныя“ латвійскія чыноўнікі пільна шукаюць „беларускую крамолу“.
Усе прыраджоныя „асьведаміцелі“ і „інфарматары“ з запалам пішуць даносы.
Працуе ахранка.
II.
Карты Беларусі.
Інспэктар пачаткавых школ Дзьвінскага павету гр. Озолін „адшукаў“ у Дудэльскай беларускай пачаткавай школе Ужвальдзкае воласьці беларускую этнаграфічна-фізычную „Карту Беларусі“, выдадзеную у 1919 годзе ў Вільні і два гады правісеўшую ўжо ў памянёнай школе.
На карце Інспэктар убачыў, што этнаграфічная мяжа Беларусі акрэсьлена такім чынам, што захоплівае Дзьвінск і Люцын.
Інспэктар закіпеў.
Карту са сьцяны зараз-жа зьняў.
Напісаў рапарт у Міністэрства Прасьветы і туды-ж направіў крамольную карту.
Міністэрства перадала справу Пракурору.
Ідзець разсьледаваньне.
Злапалучная карта для ўжываньня ў школах ужо забаронена.
Найбольш нэрвовыя газэты з гісторыі аб гэтай карце ўжо робяць вывады аб процідзяржаўнай працы.
Трэба падкрэсьліць, што карта выдадзена была ў 1919 годзе, гэта значыць тады, калі дзяржаўныя межы Латвіі яшчэ не былі акрэсьлены ў аканчальнай форме, а дзеля таго на карце, якая асобна азначала межы этнаграфічныя і асобна межы дзяржаўныя, усходняя дзяржаўная мяжа Латвіі ня была абазначана зусім, а была праведзена толькі мяжа Латвіі з Эстоніяй і Літвой.
Калі карта ў 1922 годзе разсылалася Беларускім Аддзелам у школы, дык была нанесена на ей дзяржаўная мяжа Латвіі і на ўсходзе, згодна з міравым трактатам 1920 году.
Самае-ж цікавае гэта тое, што мяжа гэта не разыходзіцца ні з даваеннымі навуковымі данымі, ні з латвійскім перапісам, зробленым у 1920 годзе.
III.
Геаграфія Беларусі.
Аркадзь Смоліч напісаў Геаграфію Беларусі.
„Няхай“, пісаў ён, „карыстаюцца вучыцелі і школы першай спробай Беларускае геаграфіі“.
Агледзіў „Геаграфію Беларусі“ якійсь цікавы латыскі прафэсар і выдаў гэткую апінію:
„Геаграфія А. Смоліча задужа шырокія акрэсьліла межы для беларускага народу. Для латвійскае-ж дзяржавы дык і зусім зьяўляецца яна шкоднай“.
Геаграфію забаранілі ўжываць у беларускіх школах Латвіі.
І вучаць дзеці цяпер геаграфію без падручніка па геаграфіі.
Маніцца выдаць новую геаграфію Беларускі Аддзел, але калі гэта будзе — няведама.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…