Гісторыя Архівы

„Wielka tradycja tolerancji polskiej“

Аўтар правярае па гісторыі польскую «традыцыю талерантнасьці», на якую спасылаюцца тутэйшыя прафэсары. Ён паказвае, як у XVII і XVIII стагодзьдзях абмяжоўвалі правы іншаверцаў, і разглядае Торуньскі працэс 1724 году.

„Wielka tradycja tolerancji polskiej“

Як вядома, ў парыжскай газэце „Ere Nouvelle“ зьявілася нядаўна адозва з подпісамі відных французскіх прафэсароў, у якой зьмешчаны пратэст проціў зьдзекаў над палітычнымі вязьнямі ў Польшчы і г. д. Вось, польская прафэсура, каб не астацца ў даўгу, паслала ў Парыж калектыўную заяву—„пратэст проці пратэсту“, у каторым гаворыцца паміж іншым, што Польшча помніць уціск нядаўнай няволі свайго народу і ня ўціскае нікога, хацябы ў імя людзкасьці і вялікай традыцыі польскай толеранцыі.

Каб падобныя рэчы пісаў „Dziennik Wileński“ для сваіх набожных чытачоў,—нікога гэта ня дзівілаб; але, калі пішуць прафэсары, дык прыходзіцца застанавіцца: на якіх падставах гэтыя паны маюць адвагу казаць усяму сьвету, што колішняя Польшча давала волю грамадзянам інакш думаючым? Дый як гэта справа выглядае ў сьвятле гісторыі?

Каб адказаць на гэтыя пытаньні, трэба прыглядзіцца да некаторых фактаў і польскіх законаў, асабліва за часоў панаваньня трох апошніх каралёў.

Як у сучасны мамэнт Эўропу апанаваў нацыяналізм, так калісь вялося змаганьне на грунце рэлігійным.

Быў час, калі Польшча запраўды давала довады пашаны да інакш веручых. На жаль, час такі скончыўся, як толькі ў Польшчы запанавала каталіцкая рэакцыя, і калі езуіты захапілі ўплывы на жыцьцё гаспадарства.

Прыблізна з таго часу павісла над Польшчай, як грозная хмара, так званая справа дысыдэнцкая, каторая лягла чорнай плямай на старонках польскай гісторыі часьці XVII і ўсяго XVIII сталецьця.

Ня гледзячы на тое, што, пачынаючы ад 1573 году, кожны пазьнейшы кароль прысягаў на Варшаўскую Канфэдэрацыю, даваўшую рэлігійную свабоду пратэстантам, мы бачым ужо ад 1658 г. нейкія агранічэньні: так, Ян Казімір не дапушчае пасла арыянца пацалаваць яго каралеўскую руку, дзякуючы чаму пасол быў прымушаны зрачыся свайго мандату. Сойм пры гэтым жа каралі вынес пастанову, вымагаючы ад арыянцаў, анабаптыстаў і квакроў перайсьці ў каталіцтва, ці іншую хрысьціянскую веру, або выехаць за межы Польшчы. Раней крыху, у 1632 годзе, забаронена часьцю будова пратэстанцкіх збораў і адпраўленьне набажэнства.

Нацыянальныя агранічэньні іншаверцаў выпалі на панаваньне Аўгуста II і Аўгуста III Сасаў. На Сойме 1717 году зусім забаронена будаваць новыя зборы і загадана разбурыць тыя, якія збудаваны ў супярэчнасьці з канстытуцыяй. На Сойме ў Горадні ў 1718 годзе нейкі Анцута з Вільні дамагаўся адабраць права голасу віленскаму паслу некаталіку Пятроўскаму. Факт гэты разьмінаўся з правам і быў грозным прыкладам на будучыню. Найбольш, аднак, яркім даказам адсутнасьці спогаду некаталікам дае голасная справа ў Торуні. Цікава тое, што Торуньскі працэс відавочна скампраміставаў Польшчу перад усёй Эўропай, вызваў цэлы рад пратэстаў і ваенных пагроз ад суседзяў; аднак, палякі ня толькі ня спынялі зьдзекаў над іншаверцамі, а, наадварот: новым гвалтам давалі праўную падставу. Фанатызм ад масаў пайшоў у вярхі і ўзмацоўваўся па меры таго, як Польшча слабела.

Торуньская Справа выглядае так: 15-га ліпня 1724 г. ў часе касьцельнай працэсіі вучні езуіцкай калегіі ў нахальны спосаб дамагаліся ад пратэстантаў выказаць ушанаваньне працэсіі. У сварцы пратэстанты захапілі з сабой вучня каталіка; каталікі гвалтам схапілі пратэстанта і павялі ў езуіцкую калегію.

У рэзультаце лютаране напалі на калегію. Вязьня звольнілі, абстаноўку зьнішчылі, а абразы і кніжкі каталіцкія спалілі. Ніхто жыцьця ня ўтраціў. Мястовая варта ў скандал не ўмяшалася, бо ў магістраце мелі перавагу пратэстанты, З прычыны гэтых выпадкаў пацягнулі пад канцлерскі суд віцэ-бурмістра Рознэра і іншых. Пастанаўленьнем суда засуджаны на сьмерць 9 пратэстантаў, іншым вызначана турма і розгі. Прыгавор быў сьпешна выпаўнены. Не памаглі ні просьбы езуітаў, ні інтэрвэнцыя Пятра Вялікага, ні нунцыя папскага Сантіні. Усе суседнія народы назвалі Польшчу найбольш фанатычным краем, хоць трэба прызнаць, што і ў другіх гаспадарствах дзеялася ня лепш. Рэзультатам працэсу быў трактат Расеі з Прусіяй, у каторым на першым пляне ставілася абарона дысыдэнтаў у Польшчы.

Усе з трывогай чакалі аружнага выступленьня страшнага суседа Пятра I; але сьмерць яго не дала зьдзейсьніць ягоныя пляны.

Трэба было-б думаць, што Польшча, напужаная і здыскрэдытаваная, апомніцца і завядзе перамены на лепшае адносна дысыдэнтаў; аднак мы бачым, што гэта Крывавая Лазьня (Thorner Blutbad) дадала йшчэ больш ахвоты душыць некаталікоў. Доўгі час пасьля Торуньскага працэсу паслы ў Сойме пачыналі прамовы, дзякуючы Любамірскаму, што „ўратаваў гонар Маткі Боскай“. Гэта знача, што прылажыў руку да пакараньня сьмерцяй Торуньскіх мяшчан.

А. Білевіч.

(Канец будзе).

Каментары