У органе „Паразуменьня Лявіцы“ L' Ere Nouvelle („Новая Эра“) ад 5/V зьмешчаны ў аддзеле „Вольныя Думкі“ тры артыкулы вядомай парыжскай публіцысткі Severine (запраўднае прозьвішча яе—M-me Gebhàrt,) пад характэрным для нашых „часоў і народаў“ агульным загалоўкам „Трыумф ненавісьці“…
Першы „абразок“ гэтага „трыптыху“ і другі датычаць гэтага „трыумфу“ ў Францыі; апошні пасьвячоны Польшчы.
У першым, пад назовам „Без зьмілаваньня“, аўтарка прыводзе, як прыклад гэтага „трыумфу“ ваеннай варварызацыі з даўнейшай гісторыі Францыі, факт, калі легат (паўнамоцнік) Рымскага Папы, кіраваўшы асадай места Бэзье, на запытаньне, як сартаваць палонных, пабожна адказаў:“ — „Забіваць усіх падрад,—Бог сам пазнае і сам адбярэ сваіх“.
„Ці нашая слаўная цывілізацыя зьмяніла штось у гэтым усім?—пытаецца аўтарка. — „Ня вельмі многа“,—адказываеца сама сабе. І ў пацьверджаньне прыводзе сучасную Францыю і сучасную Польшчу, якія гэтак хваляцца сваей „цывілізацыяй“…
І вось у гэткай агульнай рамцы пані Сэверын ахвяруе Польшчы такі лірычны артыкулік пад назовам „Іншыя сумы“.
„Да мяне доходзе з Польшчы востра балючы закід…—Рэч ідзе аб штодзенных катаваньнях сотняў вязьняў у Польшчы…
Гэтая, так каханая намі, Польшча, — такая пекная пад царскім ярмом!—такая шляхотная, калі была закавана ў патройныя кайданы, Польшча, на абарону якой Францыя ахвяравала столькі сваіх пакаленьняў, — і вось, даволі было ёй, гэтай шляхотнай у няволі Польшчы, дапяць свайго вызваленьня, каб з ахвяры абярнуцца ў ката… Ды гэта-ж—немагчыма!..
Аднак гэта так… — Ня Польшча, толькі яе ўрад.
Гэткі заўсёды лёс тых дзяржаў, якіх мы самі апранулі ў жаўнерскія шапкі і аздаблялі шабляй, якіх мы назначалі „жандарамі Эўропы“.!.
Заўсёды абшытая галуном (ваенная) шапка зьмяняе уклад думкі таго мозгу, які яна прыкрывае…
І вось, у рэзультаце—больш як паўтары тысячы палітычных вязьняў гніюць у агідных, заражоных вастрогах, без сьвятла, без паветра, заядалыя вошамі, замораныя голадам, біцьцём, катаваньнем. Паміж імі—жанчыны, з якіх адна, Ольга Бэсарабава, памерла.
Да гэтага я яшчэ вярнуся. Але і цяпер я хачу пратэставаць проці гэтага, як гэта робяць там, на мейсцы, паслы Крулікоўскі і Ланцуцкі.
Дзе-б ні чынілася гэтая агіда, хто-б ні былі катамі і ахвярамі, калі толькі гэта робіцца запраўды, а ня выдумана ў мэтах „прапаганды“,—усё гэта можа толькі напоўніць сэрца абурэньнем“.
Так шляхотная французская публіцыстка ўжо ў пачатку красавіка, задоўга да рэшты падпісаўшых вядомы пратэст, адазвалася на тое, што дзеецца ў „шляхотнай пад трайной няволяй“ Польшчы…
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…