Гісторыя Архівы

Замежная дапамога

Перадавіца першага нумару. Францыя Пуанкарэ трымала Польшчу за вайсковую саюзьніцу і падтрымлівала ўціск „меншасьцяў”, але пасьля пратэстаў за мяжой і перамогі францускай лявіцы гэтая апора хістаецца. Беларусам жа, падсумоўвае газэта, ад польскае буржуазіі няма чаго спадзявацца.

Замежная дапамога

Усім вядома, які вялізарны ўплыў на Польшчу мае Францыя.

Уплыў гэны грунтуецца на тым, што Францыя забясьпечывае Польшчы абарону яе незалежнасьці. Але гэтая „ласка” — не дармовая: бо за гэта Польшча прымушана дзяржаць вялікую армію, гатовую ў кожнай прыгодзе стануць поплеч з францускай.

Ясна, што Францыя зацікаўлена ў тым, каб Польшча была магчыма дужэйшая, каб больш войска магла паслаць на падмогу сваей саюзьніцы. Але ў Францыі дагэтуль панаваў свой францускі „хіена-пяст”: там у парляманце меў большасьць так-званы „нацыянальны блёк” — значыць, хаўрус паслоў, якія баранілі карысьць капіталістаў, фабрыкантаў, вялікіх абшарнікаў, кажучы, што гэта — апора нацыі і дзяржавы. Нацыянальны блёк утварыў урад, на чале якога паставіў быўшага прэзыдэнта Францыі, Пуанкарэ.

Палітыка Пуанкарэ ў Францыі давяла да таго, да чаго давёў Польшчу Вітас і эндэцкі ўрад: да страшэннае дарагоўлі, зьбядненьня працоўнага народу і ўпадку цэннасьці грошы. Пуанкарэ, родны брат польскіх нацыяналістаў, падтрымліваў і ў Польшчы палітыку ўціску „нацыянальных меншасьцяў”, спадзяючыся, што палякі хутка здолеюць перарабіць беларусаў, украінцаў і другіх у палякоў, ды тады Польшча станецца запраўды моцнай, бо ў ёй будуць адны палякі.

Ведама, гэткія мяркаваньні — сьмешныя па сваёй наіўнасьці. Іх зьдзейсьніць нельга, бо ў нашы часы нельга проста выразаць „інародцаў”, як некалі — ў даўныя часы — рабілі немцы з славянскімі пляменьнямі, займаючы іх землі. І палітыка, якую ў адносінах да сваіх „меншасьцяў” вядзе Польшча з благаславенства Пуанкарэ, не дапяла нічога, а толькі нашкодзіла Польшчы ў яе замежнай палітыцы, аслабіўшы яе і ўнутры. Вось жменя фактаў.

„Dziennik Wileński” піша, што ў нямецкай газэце „Deutsche Allgemeine Zeitung”, што выходзе ў Бэрліне, надрукована стацьця, у якой зьмешчаны вострыя напасьці на Польшчу за зьдзекі над палітычнымі вязьнямі, асабліва над беларусамі.

Той-жа „Dziennik Wil.” паказывае, што замежныя беларусы зьвярнуліся да англійскага прэм’ера Мак-Данальда з просьбай аб абарону ўцісканых беларусаў у Польшчы.

З пратэстам проці польскае палітыкі выступіў у спэцыяльнай ноце і Чычэрын ад імя ССРР.

Урэшце, як піша „Kurjer Poranny”, проці таго, што дзеецца ў Польшчы, паўсталі і францускія сацыялісты. Напярэдадні польскага нацыянальнага сьвята 3 мая ў парыжскіх газэтах зьявіўся пратэст проці „белага тэрору ў Польшчы”. „Тэкст гэтага дакумэнту, — піша „Kur. Por.”, — пасьля кароткага ўступленьня аб „дзікіх гвалтах” наагул, аб зачыняньні газэт, закрываньні таварыстваў моладзі, выкіданьні на брук работніцкіх арганізацыяў, выступае асабліва проці пануючых у Польшчы парадкаў, ці, як хоча, непарадкаў у вастрогах. „У вастрогах Польскае Рэспублікі знаходзіцца цяпер больш за 3.000 палітычных вязьняў — работнікаў за ўчасьце ў забастоўках, украінскіх і беларускіх сялян, жадаючых нацыянальнае незалежнасьці, інтэлігенцыі, якая вінавата тым, што арганізуе асьвету сярод народу. Церпючы зьдзек ад вастрожных старажоў, лаяныя, бітыя рэмнямі і палкамі, кормленыя выключна буракамі, у смуродзе, седзючы разам з звычайнымі зладзеямі, ў вопратках прагніўшых ад бруду, у сьцюдзёных і сырых камэрах, пазбаўленыя мыла, бялізны, кніг, адведзін сваякоў, — гэтыя вязьні часта лепш выбіраюць самагубства, чым павольнае кананьне, — дый не заўсёды павольнае, бо вось у справе Вольгі Бессарабавай сьледзтва выявіла, што яна памерла ад біцьця і агідных ран”… І гэты вось пратэст, як піша „Kur. Por.”, падпісалі людзі, што некалі баранілі палякоў ад маскоўскага і нямецкага ўціску. „Першыя два подпісы — Пэклевэ і Гэррыо — гэта адзнака пэўне чыста палітычная, бо яны — былыя ды і будучыя міністры, найвыдатнейшыя прадстаўнікі апазыцыі”.

Мы асабліва адзначаем апошняе: бо-ж як раз праз некалькі дзён пасьля абвешчаньня гэтага пратэсту ў Францыі адбыліся выбары новага парляманту, і на гэтых выбарах францускія працоўныя масы паказалі, як работніцкая Францыя глядзіць на ўнутраную і замежную палітыку сваей нацыяналістычнай буржуазіі і яе галоўнага абаронцы п. Пуанкарэ. На выбарах перамагла „лявіца”: сацыялістычныя і камуністычныя партыі, як падлічыла віленскае „Słowo”, здабылі разам 297 дэпутацкіх месц, а нацыянальны блёк, кіраваны п. Пуанкарэ, толькі 229. Значыць, левыя дапялі бліскучае пабеды: новы ўрад будзе складацца як раз з такіх палітычных дзеячоў, як тыя, што падпісалі пратэст проці „белага тэрору ў Польшчы”, з Пэклевэ і Гэррыо на чале. І ўжо ясна, што старая палітыка Польшчы ў адносінах да беларусаў, украінцаў, літвіноў, немцаў і жыдоў ня знойдзе ў Францыі ніякага падтрыманьня.

Польскі ўрад, відаць, прадчуваў гэткія вынікі выбараў у Францыі. Яшчэ за месяц да іх паслы польскага сойму: „вызваленец” Тугут і п. п. с. Недзялкоўскі — лёталі па сталіцах Эўропы „ратаваць Айчызну” ў вачох эўрапэйскіх сацыялістаў, якім тлумачылі, што хоць у Польшчы дагэтуль было блага „меншасьцям”, ды гэта хутка зьменіцца. А сьледам за гэтым і п. Грабскі пачаў склікаць нейкія таёмныя нарады ў справе „нацыянальных меншасьцяў”, ды толькі… бяз учасьця самых гэных „меншасьцяў”.

Мы дужа добра разумеем, што ўсё гэта мае на мэце не палепшаньне палажэньня „меншасьцяў”, але ратаваньне гонару і павагі Польшчы ў вачох працоўных масаў Эўропы, якія ўсюды пачынаюць браць уладу ў свае рукі. І гэтая сьвядомасьць дае нам магчымасьць цьвяроза глядзець на справу і абмінуць абмылкі, якія шмат хто з беларусаў рабіў у сваім часе, даверыўшыся салодкім словам п. Пілсудскага. Польская буржуазія ня можа ў вадзін міг зьмяніць свае пагляды і імкненьні ў адносінах да „меншасьцяў”, і ад яе нам нельга нічога спадзявацца…

Каментары