Гісторыя Архівы

„Завясьці лад на Крэсах!”

Эндэцкая „Gazeta Poranna” просіць увесьці на ўсходзе надзвычайную ахрану, бо ў паветах нападаюць банды. Беларусы, піша гэтая газэта, былі б удзячныя — але для мірнага насельніцтва гэта было б страшна.

„Завясьці лад на Крэсах!”

Пад такім загалоўкам „Gazeta Poranna“ піша:

За апошнія часы публічную апінію занепакоіў цэлы рад бандыцкіх нападаў, якія здарыліся ў усходніх ваяводзтвах Рэчыпаспалітае, асабліва ў паветах Баранавіцкім, Нясьвіскім і пагранічных паветах Валыншчыны.

Банды, часта вельмі чысьленыя, а заўсёды дужа добра азброеныя і зарганізаваныя, нападалі пераважна на двары, рабуючы іх да тла, асабліва забіраючы інвэнтар. За апошнія 2—3 тыдні ў адным Баранавіцкім павеце бандыты вывялі больш за 140 найлепшых коней, спыніўшы гэтак работу ў цэлым радзе гаспадарак. Гэтыя банды падпаліваюць двары, лясы, атручываюць скаціну і г. д., што ясна паказывае, што яны маюць на мэце не выключна рабункі, але і сільнае імкненьне да выкліканьня анархіі ў усходніх ваяводзтвах, а прынамся ў іх пагранічных паветах.

І далей:

Уся гэтая акцыя, маючы выдатна палітычны характар, дэмаралізуе мясцовае беларускае і украінскае насяленьне, якое перастае верыць у трываласьць злучэньня гэтых зямель з Польшчай.

„Gaz. Por.“ выводзіць у канцы:

Калі цантральная ўлада не наважыцца на запраўды сільную палітыку ў ліквідаванні гэтага замаху на цэласьць Рэчыпаспалітае, дык прыналежнасьць усходніх зямель да Польшчы можа ў хуткім часе апынуцца пад знакам запытаньня.

Міністар унутраных спраў, які наважыцца завясьці на усходніх крэсах „stan wyjątkowy“ (надзвычайную ахрану) і наладзіць тамака адносіны, можа спадзявацца ня толькі падтрыманьня ўсяго польскага грамадзянства, але і ўдзячнасьці вялізарнае большасьці тутэйшага беларускага і украінскага насяленьня.

Ну, з апошняй заявай трудна згадзіцца: надзвычайная ахрана — гэта такая страшэнная рэч перш за ўсё іменна для мірнага беларускага і украінскага насяленьня, што за гэткае „уладжаньне“ адносін нельга спадзявацца ўдзячнасьці беларусаў і украінцаў!

Каментары