З 16 лістапада і да канца ацяпляльнага сэзону ў сеткавую ваду цеплавых сетак Ленінскага, Заводзкага, Савецкага і Першамайскага раёнаў Менску дададуць харчовы фарбавальнік флуарэсцэін. Пра пляны 11 лістапада папярэдзіла «Менскэнерго».
Паводле зьвестак прадпрыемства, пры ўцечцы вада афарбоўваецца ў сьветла-зялёны колер. Жыхарам гэтых раёнаў з крана можа пайсьці афарбаваная вада.
У «Менскэнерго» патлумачылі, што зафарбоўваньне патрэбнае для хуткага выяўленьня ўцечак і несанкцыянаванага выкарыстаньня цепланосьбіта, а таксама для праверкі гермэтычнасьці вадагрэйнікаў. У кампаніі таксама адзначылі, што такая практыка павышае надзейнасьць цеплазабесьпячэньня і зьмяншае страты.
Пад «несанкцыянаваным выкарыстаньнем цепланосьбіта» разумеецца, у прыватнасьці, зьліў гарачай вады з сыстэмы ацяпленьня: па колеры вады гэта можна заўважыць.
Фарбавальнік дадаюць не ўпершыню. У лістападзе 2023 году цеплавыя сеткі папярэджвалі пра такое ж зафарбоўваньне ў чатырох раёнах, у лістападзе 2025 году «Менскэнерго» зноў дадало флуарэсцэін у ваду чатырох раёнаў.
«Флуарэсцэін абсалютна бясьпечны для здароўя чалавека і навакольнага асяродзьдзя, дазволены да выкарыстаньня Мінздравам згодна з патрабаваньнямі Санэпіднагляду», — паведамілі ў «Менскэнерго». Паводле заявы прадпрыемства, шкоды не будзе, нават калі афарбаваная вада трапіць у сыстэму гарачага водазабесьпячэньня.
Калі ў сыстэме гарачага водазабесьпячэньня зьявіцца зялёная вада або будзе заўважная зялёная ўцечка, «Менскэнерго» просіць паведаміць пра гэта ў дыспэтчарскую службу па тэлефонах 298-27-27 і 298-27-37.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…