Дзяржава Бізнэс і прадпрымальніцтва

Апэратарам забаранілі без згоды абанэнта падключаць платны трафік

Пастанова Мінсувязі №15 ад 30 кастрычніка тычыцца і безьлімітных тарыфаў, і пакетаў з абмежаваным аб’ёмам. Яна ўступіць у сілу праз два месяцы.

Апэратарам забаранілі без згоды абанэнта падключаць платны трафік

Мабільныя апэратары ў Беларусі ня змогуць аўтаматычна падключаць дадатковы інтэрнэт-трафік без абмежаваньня хуткасьці і сьпісваць за яго грошы без згоды абанэнта. Калі трафік, уключаны ў пакет, скончыўся, апэратару трэба атрымаць пацьверджаньне. Абанэнт павінен выказаць згоду адным са спосабаў, зацьверджаных урадам.

Патрабаваньне тычыцца як безьлімітных тарыфаў, так і пакетаў з абмежаваным аб’ёмам інтэрнэту. Пастанова ўступіць у сілу праз два месяцы.

Норма замацаваная пастановай Міністэрства сувязі №15 ад 30 кастрычніка 2026 году. Апэратарам даручана прывесьці дзеючыя дагаворы з абанэнтамі ў адпаведнасьць з новымі патрабаваньнямі.

Паводле паведамленьняў дзяржаўных СМІ Беларусі, без пацьверджаньня аплаты інтэрнэт будзе працаваць на паніжанай хуткасьці, а грошы на рахунку застануцца некранутымі.

Дакумэнт дазваляе апэратарам падключаць дадатковыя пакеты без абмежаваньня хуткасьці за асобную плату, але толькі са згоды абанэнта. Для безьлімітных тарыфаў захоўваецца парог у 30 ГБ на месяц, пасьля якога хуткасьць падае да 1 Мбіт/с.

Раней пастанова №38 ад 22 сьнежня 2025 году ўстанавіла ліміт для тарыфаў зь безьлімітным інтэрнэтам. Новае правіла дадае да яго ўмову: платнае працягваньне пасьля ліміту магчымае толькі са згоды абанэнта. Які менавіта спосаб пацьверджаньня зацьвердзіць урад, пакуль невядома.

Каментары