Дзяржава Праца і занятасьць

Работнікам на марозе і ў сьпякоту хочуць замацаваць перапынкі не менш за 10 хвілін

Норму ўключылі ў праект новай рэдакцыі закона «Аб ахове працы». Паводле слоў Фэдэрацыі прафсаюзаў, цяпер такія перапынкі часта даюць толькі фармальна, на пару хвілін.

Работнікам на марозе і ў сьпякоту хочуць замацаваць перапынкі не менш за 10 хвілін

У Беларусі гатуюць новую рэдакцыю закона «Аб ахове працы»: паводле праекту, работнікі, якія працуюць на адкрытым паветры пры экстрэмальных тэмпэратурах, павінны атрымаць спэцыяльныя перапынкі не карацейшыя за 10 хвілін. Гаворка пра моцныя маразы і сьпякоту.

Сёньня, 11 лістапада, актуальныя пытаньні новай рэдакцыі абмеркавалі на дыялёгавай пляцоўцы ў нацыянальным прафцэнтры. Паводле паведамленьня дзяржаўных СМІ Беларусі, удзел узялі прадстаўнікі органаў дзяржкіраваньня, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і іншых членаў міжведамаснай працоўнай групы.

З ініцыятывай павялічыць мінімальную працягласьць перапынкаў выступіла Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Прапанову ўжо ўключылі ў законапраект. Гэтыя паўзы, як адзначаецца, стануць не заменай абеду, а дадатковым часам для адпачынку ў складаных умовах.

Галоўны тэхнічны інспэктар працы ФПБ Павел Манько патлумачыў, што раней з прадастаўленьнем перапынкаў узьнікалі праблемы. Паводле яго слоў, у шэрагу арганізацый іх давалі толькі фармальна, літаральна на пару хвілін, а ў работнікаў адной прафэсіі час адпачынку мог адрозьнівацца ў залежнасьці ад прадпрыемства.

Апроч перапынкаў, ФПБ прапануе ўвесьці ў закон паняцьце «кіраваньне прафэсійнымі рызыкамі» — комплекс захадаў ад выяўленьня небясьпек да іх ліквідацыі або зьніжэньня. Новая рэдакцыя, паводле слоў ФПБ, удакладніць правы і абавязкі наймальнікаў у сфэры аховы працы.

Акрамя таго, прафсаюзы прапануюць замацаваць, што наймальнікі павінны садзейнічаць навучаньню і заахвочаньню грамадзкіх інспэктараў па ахове працы. У ФПБ адзначылі, што распрацоўшчыкі законапраекту ўлічылі ўсе прапановы прафсаюзаў. ФПБ — арганізацыя праўладная, і гэта яе ўласная ацэнка працы над тэкстам.

Папярэдняя рэдакцыя закона «Аб ахове працы» набыла моц 28 чэрвеня 2020 году. У красавіку 2026 году, паводле паведамленьняў прарасейскіх выданьняў, Мінпрацы і сацабароны ініцыявала маштабную рэформу заканадаўства ў гэтай сфэры, а ў ліпені 2026 году прадстаўнікі ўраду, прафсаюзаў і наймальнікаў абмеркавалі законапраект з навацыямі.

Каментары