Тэхналёгіі ІТ і стартапы

Anthropic з 12 лістапада закрыла Claude для супрацоўнікаў кампаній зь Беларусі

Забарона тычыцца Claude.ai, Claude Code, Cowork і API. Пад яе трапляюць і замежныя кампаніі, калі іх кантралююць уладальнікі з рэгіёнаў, якія не падтрымліваюцца.

Anthropic з 12 лістапада закрыла Claude для супрацоўнікаў кампаній зь Беларусі

З 12 лістапада кампанія Anthropic удакладняе абмежаваньні для арганізацыяў з рэгіёнаў, якія не падтрымліваюцца, у тым ліку зь Беларусі. Супрацоўнікі кампаній, зарэгістраваных у такіх краінах або якія маюць там штаб-кватэру, ня змогуць карыстацца Claude і іншымі сэрвісамі Anthropic, нават калі самі знаходзяцца за мяжой.

Anthropic абнавіла палітыку падтрымоўваных рэгіёнаў. Паводле яе, месца знаходжаньня супрацоўніка значэньня ня мае. Калі распрацоўшчык працуе зь Польшчы або Казахстану на кампанію, зарэгістраваную ў Беларусі, выкарыстаньне Claude ў межах яе дзейнасьці будзе парушаць правілы Anthropic.

Правілы дзейнічаюць для ўсіх асноўных прадуктаў Anthropic: Claude.ai, Claude Code, Cowork і API. Яны ахопліваюць таксама мадэлі Claude, даступныя праз воблачныя плятформы і аўтарызаваных пасярэднікаў.

Абмежаваньні распаўсюджваюцца на арганізацыі, зарэгістраваныя ў краінах, якія не падтрымліваюцца, або якія маюць там штаб-кватэру. Забарона дзейнічае і для кампаній, якія наўпрост ці ўскосна знаходзяцца ў мажарытарнай уласнасьці або пад кантролем фізычных ці юрыдычных асобаў з такіх рэгіёнаў, у тым ліку для замежных фірмаў.

Зь верасьня 2025 году Anthropic ужо забараніла доступ кампаніям, якія болей чым напалову належаць арганізацыям з рэгіёнаў, якія не падтрымліваюцца. У апошнія месяцы кампанія ўзмацніла кантроль за выкананьнем геаграфічных абмежаваньняў.

Карыстальнікі з Расеі і Кітаю, якія таксама не ўваходзяць у сьпіс падтрымоўваных рэгіёнаў, паведамлялі пра блякаваньне акаўнтаў, у тым ліку пры выкарыстаньні VPN.

Каментары