Культура

Беларуска на «Міс Сусьвет» выйшла ў паласатым уборы, які параўналі з турэмнай робай

Убор для Аліі Караткай, паводле яе слоў, стварыла мама. Карыстальнікі сацсетак падзяліліся: адны ўбачылі ў ім высокую моду, іншыя жартавалі пра зэбру і турму.

Беларуска на «Міс Сусьвет» выйшла ў паласатым уборы, які параўналі з турэмнай робай

Беларуска Алія Караткая зьявілася на конкурсе «Міс Сусьвет — 2026» у Пуэрта-Рыка ў чорна-белым паласатым камплекце зь невялікай шапкай. Вобраз хутка абмеркавалі ў сацсетках, дзе яго параўналі з зэбрай, касьцюмам Бітлджуса і турэмнай робай.

Сярод камэнтароў былі такія: «Свабоду зэбрам у Афрыцы!», «Быццам толькі што выйшла з турмы», «Міс папраўчая ўстанова». Іншыя карыстальнікі ацанілі ўбор і засыпалі яго камплімэнтамі.

Убор для ўдзельніцы прыдумала яе мама Дыяна Караткая, дызайнэрка і заснавальніца беларускага брэнду Kiali, які зьявіўся ў 2025 годзе. У Instagram Алія напісала, што 99% вобразаў, прадстаўленых ёю на конкурсе, стварыла мама, і што, як ёй падаецца, яны прынясуць ўдачу.

Камплект уключае кароткі топ з адкрытым жыватом, аб'ёмныя рукавы і асымэтрычную спадніцу з драпіроўкай. Да вобраза дададзеныя маленькая шапачка, доўгія завушніцы і невялікая бліскучая сумачка.

Блогер Адам Жэнато назваў убор неверагодна стыльным, а тое, што яго пашыла мама, — тым, што ўражвае яшчэ больш.

Аліі 22 гады, яна нарадзілася ў Менску і, паводле яе слоў, дзесяць гадоў працуе ў мадэльным бізнэсе. Яе рост — 180 сантымэтраў. У верасьні 2025 году яна стала першай віцэ-міс на нацыянальным конкурсе «Міс Беларусь».

На конкурс яна прывезла каля 60 вобразаў, не лічачы купальнікаў. Адзін з убораў важыць каля 15 кіляграмаў. Конкурс у Пуэрта-Рыка праходзіць 75-ы раз, у ім удзельнічаюць больш за 140 прэтэндэнтак. Для Аліі гэта шосты конкурс прыгажосьці. Пераможцу назавуць 24 лістапада.

Каментары