Латвія будуе ўмацаваньні ўздоўж мяжы з Расеяй і Беларусьсю: капае супрацьтанкавыя равы і ставіць бэтонныя загароды, якія завуць «зубамі дракона». У памежнай зоне Балвскага краю байцы Нацыянальнай гвардыі завяршаюць разгортваньне, там ужо выкапаныя равы шырынёй болей за пяць мэтраў. Бэтонныя загароды на мяжы ўсталёўваюць у тры рады.
У пачатку кастрычніка парлямэнт Латвіі прыняў закон аб стварэньні інфраструктуры процідзеяньня мабільнасьці. Яго распрацавалі, каб палегчыць стварэньне Балтыйскай лініі абароны.
Усяго плянуецца выкапаць равы даўжынёй 89 кілямэтраў. Паводле зьвестак украінскага выданьня Укрінформ, уздоўж усходняй мяжы Латвіі на сёньня выкапана чатыры кілямэтры равоў і ўсталявана пяць кілямэтраў «зубоў дракона». Беларускія дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што на мяжы зь Беларусьсю, у Аўгшдаўгаўскім краі, Латвія ўжо выкапала першыя 6 кілямэтраў рова.
Кожны элемэнт «зубоў дракона» важыць паўтары тоны, яго вышыня крыху перавышае мэтар. Штаб-сяржант інжынэрнай роты 2-й Земгальскай брыгады Нацыянальнай гвардыі Эдгарс Брыедзіс патлумачыў, што перашкоды стаяць на такой адлегласьці, што варожая тэхніка не здолее іх пераадолець, а спэцыяльныя паглыбленьні дазваляюць злучыць некалькі «зубоў» між сабой. «Гэтыя перашкоды стаяць на такой адлегласьці адна ад адной, што варожая тэхніка не здолее іх пераадолець. Спэцыяльныя паглыбленьні дазваляюць злучыць некалькі „зубоў дракона“ між сабой, каб вораг не мог выцягнуць іх паасобку» (пераклад).
Паводле слоў прадстаўнікоў мясцовых уладаў і вайскоўцаў, будоўля ідзе ў рамках стварэньня Балтыйскай лініі абароны: равы і бэтонныя «зубы дракона» ставяць на самых адкрытых і зручных для праезду тэхнікі ўчастках.
Паводле паведамленьня Латвійскага тэлебачаньня, першыя 27 кілямэтраў павінны быць завершаныя да наступнай вясны. Нацыянальная гвардыя заявіла, што надвор’е працу не спыніць і яна будзе працягвацца нават узімку. Агульная даўжыня мяжы Латвіі з Расеяй і Беларусьсю перавышае 450 кілямэтраў. На вайсковае ўмацаваньне мяжы да 2029 году выдзелена 303 млн эўра.
У сакавіку 2024 году Латвія пачала працы па ўмацаваньні межаў з Расеяй і Беларусьсю пасьля зацьверджаньня пляну ўрадам. У сакавіку 2025 году яна закрыла мяжу для пешаходаў і веласіпэдыстаў на пераходах «Патэрніекі», «Грэбнева» і «Церахова».
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…