Палітыка Міжнародныя адносіны

Літва не пусьціла зь Беларусі фуру з 7 тонамі лісічак: у грыбах знайшлі цэзій-137

Груз разьвярнулі на мяжы ў пункце «Мядзінінкай». Паводле зьвестак літоўскай памежнай службы, доля цэзію-137 у ім склала 71%.

Літва не пусьціла зь Беларусі фуру з 7 тонамі лісічак: у грыбах знайшлі цэзій-137

Літоўскія памежнікі не пусьцілі ў краіну грузавік зь Беларусі з больш чым сямю тонамі сьвежых лісічак: у грузе выявілі радыёактыўны цэзій-137. Інцыдэнт здарыўся позна ўвечары 31 кастрычніка, у суботу, на пункце пропуску «Мядзінінкай» (зь беларускага боку — «Каменны Лог»).

Пра адмову ва ўезьдзе 3 лістапада паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы. Паводле слоў літоўскіх памежнікаў, у грыбах знайшлі цэзій-137.

Пры пад'езьдзе аўтамабіля да кантрольна-прапускнога пункту спрацавалі стацыянарныя вароты радыяцыйнага кантролю. Дадатковая праверка дазымэтрам выявіла радыенуклід цэзій-137, а партатыўны прыбор RIIDEye X пацьвердзіў яго наяўнасьць.

Паводле зьвестак літоўскай памежнай службы, доля цэзію-137 склала 71%. Магутнасьць дозы на паверхні дасягала 0.06 мкЗв/г пры натуральным фоне 0.02 мкЗв/г.

За рулём быў 36-гадовы грамадзянін Беларусі.

Грузавік DAF XF 460 FT зь літоўскімі нумарамі вёз 7128 кг сьвежых лісічак у эстонскім паўпрычэпе Schmitz. У кузаве было 2376 драўляных скрынь па 4 кг кожная.

Памежнікі зьвязаліся з Цэнтрам радыяцыйнай бясьпекі Літвы і атрымалі ўказаньне не прапускаць машыну. Фуру разам з грыбамі вярнулі ў Беларусь, паведаміла літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы. Затрымліваць машыну не сталі.

Каментары