Палітыка Міжнародныя адносіны

Экспэрт: маякі на вышках у Беларусі глушыць складаней, чым GPS

Паводле ўкраінскага экспэрта Цімафея Юркова, маякі могуць кожны раз зьмяняць частоты. Самы надзейны спосаб змаганьня зь імі, на яго думку, — зьнішчэньне.

Экспэрт: маякі на вышках у Беларусі глушыць складаней, чым GPS

Навігацыю па маяках, якая ёсьць у расейскіх «Шахэдах» і ракетах, глушыць складаней, чым GPS. Пра гэта заявіў украінскі экспэрт Цімафей Юркоў у матэрыяле ўкраінскага выданьня rbc.ua. Паводле яго слоў, маякі могуць кожны раз выкарыстоўваць іншыя частоты.

Раней РБК-Украіна пісала, што рэактыўныя «Шахэды» над Кіевам кіруюцца празь вежы ў Беларусі. Гэтыя зьвесткі апублікаваныя толькі гэтым выданьнем, а РБК-Украіна ў Беларусі прызнана экстрэмісцкай.

Паводле Юркова, маякі пэрыядычна фіксуюцца на той ці іншай тэрыторыі. У GPS, паводле яго апісаньня, вядомыя частоты L2 і L5, сам сыгнал і спосаб яго глушэньня.

У маякоў, як кажа экспэрт, ёсьць шэраг праблемаў, празь якія не ўдаецца імгненна вызначыць іх парамэтры і пачаць глушыць. Калі маякі зьяўляюцца раптоўна, зь іх глушэньнем можа ўзьнікнуць праблема.

Калі частоты і прыблізнае разьмяшчэньне маякоў ужо вядомыя, іх, паводле Юркова, можна ўдала глушыць. Найбольш гарантаваным мэтадам ён называе зьнішчэньне маякоў.

Юры Ігнат, якога таксама цытуе выданьне, адзначыў, што расейскія войскі могуць выкарыстоўваць самі дроны як рэтрансьлятары для стварэньня mesh-сетак.

Паводле неназванага экспэрта, адна такая вежа закрывае каля 140 кілямэтраў. Ён жа кажа, што ўздоўж мяжы з Украінай расейцы плянуюць пабудаваць каля 26 вежаў.

Каментары