(Глядзі № 2 „Сын Беларуса“).
IV.
„Ніякіх беларусаў у Латвіі няма“.
Гэтую сэнсацыйную навінку „адкрыў“ Інспэктар пачатковых школ Люцынскага павету, гр. Свэнэ.
Гэты вучоны дасьледчык даводзіць, што беларусы ў Латвіі гэта — не беларусы, а самыя даподлінныя… латгальцы, якія спачатку гадоў са дзьвесьці былі апалячываны, а затым гадоў з паўтараста абмаскаліваліся, ну а потым, як вынік з усяе гэтае працэдуры, зрабіліся беларусамі.
Каб вярнуць гэтых беларусаў да недраў латгальскае народнасьці, трэба пазбавіць іх беларускае школы і даць ім школу латыскую.
На моцы гэтае сваей тэорыі ён ужо ператварыў з паўдзесятка беларускіх школ у Яновольскай і Ляндскаронскай гмінах Люцынскага павету ў латыскія.
Але вось дзіўная рэч: — у гэтых „латыскіх“ школах выкладаньне ідзе чамусьці не на латыскай мове, а на… расейскай.
Думалі, думалі людзі: „чаму гэта латыская школа ды на расейскай мове?“.
„Няўжо-ж гр. Інспэктар Свэнэ думае працэс павяртаньня гэтых „быўшых латгальцаў“ ў лона роднага народу рабіць у такім адваротным парадку, каб яны зноў 150 гадоў адмаскаліваліся, потым 200 гадоў аполячываліся, а ўжо затым вярнуліся да першапачатнага стану і ўзноў зрабіліся латгальцамі?“.
Аж успомнілі тутака яшчэ адну рэч.
У 1921 годзе, калі пачыналі беларусы сваю нацыянальную працу ў Латвіі, зьвярнуліся яны праз Т-ва „Бацькаўшчына“ да ўсіх грамадзкіх установаў, школьных Радаў і Інспэктароў пачатковых школ Латгаліі з просьбай аб дапамозе ў беларускай культурна-прасьветнай працы і асабліва ў падтрыманьні беларускае нацыянальнае школы, якая тады яшчэ толькі-толькі праэктавалася.
Кожная ўстанова і асоба,—у залежнасьці ад свайго знаёмства з беларускай справай і ад ступені спачуваньня ёй, — адказала пасвойму, але ня было ніводнага варожага ці адмоўна-некарэктнага ліста, апрача… апрача ліста Інспэктара Свэнэ.
Гэты пан паведаміў Т-ва „Бацькаўшчыну“, што беларусы, па яго думцы, „дужа добра разумеюць літэратурную расейскую мову, а дзеля таго ён лічыць стварэньне асобнай беларускай школы і Беларускага Аддзелу пры Міністэрстве Прасьветы не патрэбным“.
Калі-ж беларускія школы, супроць яго волі і жаданьня, усё-ж такі ў Люцыншчыне ўтварылі-ся, гэты грамадзянін спачатку нібыта з імі прымірыўся, потым пачаў змагацца патаемна, робячы ім розныя перашкоды, а цяперака надумаў новы ход, у якім думае знайсьці падтрыманьне і латгальцаў.
V.
Зачыненьне беларускае школы.
Пачаўшы змаганьне з ужо істнуючымі беларускімі школамі, вядомы нам інспэктар Люцынскага павету гр. Свэнэ, адначасна, відаць, паставіў не даваць больш беларускаму жыхарству ніводнай новай беларускай школы.
І вось ужо ў гэтым вучэбным годзе ў Люцыншчыне не адчынена ніводнае новае беларускае школы, ня гледзячы на дамаганьні жыхарства.
У Эверсемуйжскай гміне ёсьць 90% католікоў латышоў. Гэтая гміна ляжыць пры самай мяжы з Радавай Беларусью і ў ёй ёсьць некалькі беларускіх вёсак, належаўшых да Слабадзінскага праваслаўнага прыходу, Себежскага павету.
Пры правядзеньні мяжы частка вёсак прыходу ўвайшла ў межы Латвіі, а рэшта прыходу і самая царква—засталіся па-за мяжой.
Апынуўшыся ў межах Латвіі, гэтыя беларусы пачалі з таго, што ўтварылі новы прыход і пабудавалі маленечкую царкву, а потым зажадалі адбудаваць для сваіх дзетак школу.
Некалькі разоў зьвярталіся яны да Школьнай Павятовай Рады і Інспэктара, каб ім адчынілі беларускую школу, але Інспэктар адмаўляў.
Нарэшці сяляне запрасілі прыватнага вучыцеля-рэпэтытара і даручылі яму вучыць сваіх дзетак і адначасна клапаціцца аб адчыненьні сталае школы. Вучыцель папаўся энэргічны сьвядомы беларус. Дзетак набралася шмат. Выкладаньне йшло ў беларускай мове.
Інспэктар, даведаўшыся аб тым, што дзеці ў лічбе больш за 25 ходзюць да рэпэтытара, паслаў данос у паліцыю, што нібыта ў вёсцы Кушнярох адчынілася тайная школа, і прасіў зачыніць школу.
Прыехаў начальнік паліцыі, забараніў вучыцелю далей вучыць і хацеў нават апячатаваць пакой, дзе той жыў і вучыў дзетак.
Бацькі паслалі хадака да Міністра Прасьветы. Міністэрства дало загад, каб школа была адчынена, асабліва-ж калі яна будзе з беларускай мовай выкладаньня.
Вярнуўся хадок з панерай Міністэрства.
Управа зрабіла пастанову: школу, або паралельную клясу адчыніць, але …. пастановы да гэтага часу ў жыцьцё не праводзіць.
Калі-ж прыходзкі сьвяшчэньнік зьвярнуўся да ўправы, дык яму парадзілі прасіць школу…. расейскую.
„Тады ўжо адразу адчынім“!
Тым часам зіма прайшла і неграматныя беларускія дзеткі, што з вялікай ахвотай узяліся было за родныя буквары, павінны былі ўжо ўзяцца за пугі.
VI.
Паляки і маскоўцы ў беларускіх школах.
Усё той-жа Люцынскі Інспэктар Свэнэ ня хоча пусьціць ў беларускія школы вучыцялёў-беларусаў, скончыўшых беларускія вучыцельскія курсы.
Ужо два гады ляжаць у яго просьбы вучыцялёў і вучыцелек беларускіх, а ён у беларускіх школах усё яшчэ трымае палякоў і вялікарусаў, якія выпадкова асталіся ў беларускіх школах тры гады таму назад, калі Беларускі Аддзел пераняў у Люцыншчыне некалькі школак ад Расейскага Аддзелу.
Некаторыя з гэтых вучыцялёў ня толькі ня ведаюць беларускае мовы, але яўна вораджа да яе ставяцца і дазваляюць сабе над ёю зьдзекавацца.
Некалькі чалавек з гэтых вучыцялёў зьяўляюцца для Латвіі чужаземцамі і, як такія, даўно ўжо мусілі пакінуць свае пасады. Другіх-жа, бяз уселякае для іх саміх і асабліва-ж для школы шкоды і непрыемнасьці, можа было ўжо некалькі разоў перавясьці ў школы расейскія і польскія.
Чуючы за сабой падтрымку Інспэктара, розныя Ляховічы, Біручынскія і іншыя кіруюць беларускімі школамі па свайму пагляду, часта-густа ня лічучыся з Беларускім Аддзелам.
Беларускаму-ж Аддзелу бракуе адвагі паставіць справу ўва ўсей шырыні і з належнай рашучасьцю дамагацца звальненьня і перавода гэтых элемэнтаў.
VII.
Інастранцы ў беларускіх школах.
У беларускіх школах у Латвіі ёсьць 10 ці 12 інастранцаў, у той час калі ў школах расейскіх налічываецца блізка да 200 чалавек.
Шмат інастранцаў і ў іншых школах для меншасьцяў у Латвіі.
Беларускія школы найменш за ўсіх маюць інастранцаў-вучыцялёў.
Гэта аднак не пазбаўляе беларусаў ад нападак на тое, што ў іх „зашмат інастранцаў“.
Цікава, што да гэтага часу ніводнаму ўрадоўцу з Міністэрства Прасьветы не прыйшла ў галаву гэткая простая думка, каб азначыць для кожнае нацыянальнае меньшасьці колькасьць інастранцаў, якую ім „можна ў сябе трымаць“.
Трэба лічыць, што тады, у працэнтным параўнаньні, беларусы ня толькі не павінны былі-б нікога звальняць з працуючых ужо інастранцаў, але атрымалі-б яшчэ права запрасіць дзе-колькі яшчэ новых працаўнікоў.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…