Гісторыя Архівы

Інтэрпэляцыя сэнатараў аб катаваньні арыштаваных у Нясьвіжы

Беларускія сэнатары пытаюцца ў міністраў пра катаваньні трох сялян у нясьвіскай паліцыі: іх білі палкамі па пятках, пакуль ня выбілі прызнаньне ў кражы мукі. Адзін адсек сабе тры пальцы.

Інтэрпэляцыя сэнатараў аб катаваньні арыштаваных у Нясьвіжы

сэнатараў Беларускага Клюбу п. Міністру Справядлівасьці і п. Міністру Унутраных Дзел у справе аб біцьці і катаваньні арыштаваных Станіслава Дразда з в. Кутоўшчына, Цырынскае вол., Андрэя Калесьніка з в. Краснагоркі, Гарадзейскае вол., і п. Лашука з в. Макашы.

5 красавіка г. г. ў м. Нясьвіжы, Наваградзкага ваяводзтва, сэнатарам А. Назарэўскім у прысутнасьці п. Чудзіновіча, падпракурора Акружнага Суда ў Наваградку, сцьверджаны гэткія беззаконьні і гвалты дзяржаўнае паліцыі:

1. У Нясьвіжы пад арыштам знаходзіцца п. Лашук з в. Мікашы, якога арыштавала дзяржаўная паліцыя з постэрунку ў Гарадзеі, падазраваючы ў кражы мукі. Арыштаваны сцьвярдзіў, што пасьля арышту 27 сакавіка г. г. яго павязьлі ў Нясьвіж, гдзе ў Камандзе паліцыі вывядоўца „Нітка“ пачаў яго страшэнна катаваць, прымушаючы, каб прызнаўся да віны. Біў яго па галаве, па твару, пасьля яму зьвязалі рукі, залажылі пад калены, прасунулі між рук і ног палку, кінулі на зямлю і пачалі біць палкаю ў пяткі, аж пакуль не самлеў. Усё гэта рабілася ў прысутнасьці трох паліцэйскіх. Знакі катаваньня, а іменна тое, што галава і ногі папухлі, можна было ўстанавіць нават 5 красавіка г. г.

2. Другі арыштаваны, Станіслаў Дрозд (в. Кутоўшчына, Цырынскае гміны, Нясьвіскага павету), знаходзіцца ў хірургічнай бальніцы ў Нясьвіжы. Падазраваючы яго ў кражы мукі, яго арыштавалі з 1-га на 2-ое сакавіка, але звольнілі пад залог 10.000.000 марак, бо ня было выстарчаючых падстаў, каб дзяржаць у вязьніцы. 24-га сакавіка Дразда ізноў арыштавалі, павязьлі ў Нясьвіж, дзе вывядоўца „Нітка“ страшэнна мучыў яго ў працягу цэлае ночы, ад 9 гадз. вечара да раніцы. Паліцэйскія № 943 і № 1802 і вывядоўца „Нітка“ білі арыштаванага па галаве, па твару, па бакох, вязалі рукі, закладалі іх пад калены, прасоўвалі палку між рук і ног, кідалі на зямлю і білі палкамі ў пяткі да паўсьмерці. Калі катаваны прыходзіў да прытомнасьці, яго прымушалі ўзяць на сябе віну. Каб не цярпець далей мукаў, арыштаваны сказаў, што прызнаецца да кражы. У сувязі з гэтым вывядоўца „Мікіта“ 25 сакавіка г. г. павёз арыштаванага Дразда ў вёску Краснагоркі, каб паказаў месца, дзе схаваны крадзеныя рэчы. Вярнуўшыся да хаты, Дрозд убачыў у пасьцелі сваю хворую жану (другі дзень пасьля радзін), якая сустрэла мужа блага за прыняцьце на сябе вялікае ганьбы — кражы. Тлумачучы жонцы, што ня мог далей цярпець мукаў, якія рабіла яму польская паліцыя, ён дайшоў да стану роспачы і, каб давясьці чыстасьці свайго сумленьня, пачаў есьці тытун, ды схапіў сякеру і адсек сабе тры пальцы на левай руцэ. Па вышэйуспомненых муках, цярпеньнях і пераживаньнях Станіслаў Дрозд быў памешчаны ў бальніцы ў Нясьвіжы.

3. Падобныя-ж зьдзекі і мукі ўчынены трэцяму арыштаванаму, Андрэю Калесьніку, з вёскі Краснагоркі, Гарадзейскае гміны, Нясьвіскага павету, а пасьля яго звольнілі пад залог 50 міліонаў марак.

Ня гледзячы на тое, што міністэрства ўнутраных спраў быццам-то выдала загад аб спыненьні біцьця арыштаваных, апошняе адбываецца дагэтуль.

Дзеля гэтага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў п. п. Міністраў:

1. Ці ведама ім, што дзяржаўная паліцыя на беларускіх землях дагэтуль чыніць мукі і зьдзек над арыштаванымі?

2. Ці маняцца яны пацягнуць да адказу ня толькі паліцэйскіх, якія б’юць і зьдзекуюцца над арыштаванымі, але і каманданта паліцыі, якому падлягаюць вінавайцы гвалтаў і мукаў?

Варшава, 6 траўня 1924 г.

Інтэрпэлянты.

Каментары